У Мінску адбылася цырымонія інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі
13.40 Цырымонія інаўгурацыі скончылася.
13.33 Лукашэнка: “Наша ваенная мэта захаваць свой кавалачак зямлі. Нам не трэба чужога, але і свайго не аддамо. Хто з мячом да нас прыйдзе, той ад мяча і загіне”.
Вайскоўцы, што сабраліся на плошчы, паабяцалі абараняць краіну і ўрачыста пакляўся служыць беларускаму народу і прэзідэнту.
13.20 Лукашэнка выйшаў на плошчу Дзяржаўнага сцяга ў форме галоўнакамандуючага і выступае перад вайскоўцамі: "Мы ніколі нікому не пагражалі і пагражаць не будзем".
13.00 Цырымонія ў Палацы Незалежнасці скончылася. Цяпер Лукашэнка накіроўваецца на плошчу Дзяржаўнага сцяга і Герба, дзе ў якасці галоўнакамандуючага прыме прысягу ваенных.
12.55. Аляксандр Лукашэнка распавёў пра асаблівасці знешняй палітыкі Беларусі, звязанай з яе геаграфічным становішчам.
"Мы мусім быць мудрымі палітыкамі, калі жывем у гэтым катле, каб нас не зварылі і не з'елі. Мы ведаем, што такое Расія, мы ведаем, што для нас Захад і мы будзем кіравацца сваімі інтарэсамі. Захад убачыў у нашай асобе сумленнага партнёра. Мы заўжды казалі, што спробы ізаляваць Беларусь — гэта тупіковы шлях, як і ізаляцыя іншых краін. Не трэба заганяць сабе ў кут. Наша краіна — самы надзейны маршрут, які злучае Еўропу і Азію”.
Кіраўнік Беларусі неаднаразова згадваў сітуацыю ва Украіне ў якасці адмоўнага прыкладу сацыяльна-эканамічных рэформаў, а таксама неабачлівай знешняй палітыкі.
12.50 Аляксандр Лукашэнка выказаўся за правядзенне міралюбівай шматвектарнай знешняй палітыкі, якой Беларусь павінна прытрымлівацца ў бліжэйшыя гады.
"Імкліва развіваюцца адносіны з нашым партнёрам, вялікім Кітаем. Мы развіваем нашы сувязі з Азіяй, Афрыкай, Лацінскай Амерыкай. Мы адкрытыя для сяброўства з ЗША і Еўрапейскім саюзам. Нехта, пачуўшы, што мы вядзем перамовы з ЗША, пачынаюць галасіць: "Лукашэнка некуды разварочваецца". Пабачыўшы нашы адносіны з Расіяй, нехта становіцца на дыбы на Захадзе. Ды не разрывайце нас, не сутыкайце нас з Расіяй, не сутыкайце ў Расіі нас з Захадам. Мы хочам, каб жыццёва важныя інтарэсы беларусаў былі тут”, — сказаў Лукашэнка ў сваёй прамове.
12.40 На цырымоніі інаўгурацыі прысутнічаюць вядомыя спартсмены — алімпійская чэмпіёнка, біятланістка Дар’я Домрачава, а вядомы тэнісіст Максім Мірны.
Прысутнічае таксама сям’я Лукашэнкаў — сыны, нявестка, ўнучкі.
12.28 У сваёй прамове Лукашэнка звяртае асаблівую ўвагу на сацыяльна-эканамічную мадэль Беларусі і паўтарае рытарычныя пытанні: ці патрэбныя нам рэформы?
"Народ прадэманстраваў згуртаванасць. Людзі выказалі адданасць той палітыцы, якую мы праводзім дзясятак гадоў. Гэта палітыка не дасталася нам у спадчыну. Сёння іншыя выклікі, нам, часам, у адзіночку даводзілася фармаваць гэтую палітыку. Мы ішлі сваім шляхам і гэты шлях паказаў правільнасць нашых дзеянняў. Мы пабудавалі шмат жылля, мадэрнізавалі шмат прадпрыемстваў. Так, сапраўды, у народзе назапасіўся вялікі пласт чаканняў. Народу укідваюць розныя ідэі, народ прымушаюць думаць. Але народу трэба генеральная лінія, каб іх нехта вёў. Зашмат сёння гавораць і пішуць, аб структурных реформах. Але ніхто не сказаў, што гэта за рэформы. За гэтыя рэформы хто-ніхто ў свеце гатовы добра заплаціць. Вакол правялі падобныя рэформы, яны пакаштавалі гэтых реформаў. Што дрэнна ў той сістэме, якую мы стварылі? Гэтыя прапановы гучаць з розных кабінетаў. І я задумваюся, што мы рабілі не так?!” — разважае Лукашэнка.
12.18 Пасля прысягі на Канстытуцыі Лукашэнка пачаў выступаць з прамовай.
"Сёння я звяртаюся да вас з асаблівым хваляваннем. Мяне перапаўняе пачуццё годнасці за мільёны грамадзян нашай Беларусі. Наш народ чарговы раз прадэманстраваў усяму свету найвышэйшую палітычную культуру. Нас не раз’ядналі ў мінулым, сапраўдным, упэўнены, гэта не атрымаецца ў будучым. Выбарчая кампанія прайшла свабодна, адкрыта, строга па закону. Я дзякую ўсім тым, хто мяне падтрымаў. Гэта наша агульнанацыянальная перамога, перамога беларускага народу. Гэта была кампанія, назіраючы за якой, мы ўсе ганарыліся сабой. Народ адкрыта паказаў, хто гаспадар у гэтым доме", — сказаў кіраўнік краіны.
12.05 Аляксандр Лукашэнка прыбыў на цырымонію інаўгурацыі без малодшага сына Колі, які паўсюль суправаджае кіраўніка краіны. Цырымонія пачалася. Уступную прамову робіць старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Яна кажа, што выбаршчыкі прынялі "адказнае рашэнне" ва ўмовах свабодных і дэмакратычных выбараў.
Лукашэнка прысягае на Канстытуцыі Беларусі, прамаўляючы па-беларуску.
***
Цырымонія інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі пачынаецца ў Палацы Незалежнасці ў Мінску.
Як інфармуе БЕЛТА, на інаўгурацыю запрошана больш за тысячу гасцей, у тым ліку і замежных. Лукашэнка прынясе прысягу і падпіша адпаведны дакумент. Пасля ўрачыстыя мерапрыемствы пройдуць на плошчы Дзяржаўнага сцяга.
Нагадаем, паводле звестак ЦВК, на прэзідэнцкіх выбарах у кастрычніку 2015-га Аляксандр Лукашэнка набраў больш за 83%.
Паводле інфармацыі БелаПАН, на цырымонію запрошаныя сёлетнія экс-кандыдаты ў прэзідэнты — Мікалай Улаховіч і Сяргей Гайдукевіч. Кандыдатка Таццяна Караткевіч запрашэння не атрымлівала.