У Мінску адкрыўся новы клуб “без кавер-бэндаў”
У “Піратах” — толькі жывыя канцэрты і тэатральныя дні. Еўрарадыё “пратэсціла” новую канцэртную пляцоўку горада.
Новая канцэртная пляцоўка Мінска, клуб "Піраты", ладзіць своеасаблівы “тэст”. Афіцыйнае адкрыццё адбудзецца праз 2 тыдні, а пакуль уладальнікам новага месца трэба пераканацца, што ўсе супрацоўнікі разумеюць свае абавязкі і выконваюць іх, і знайсці “мёртвыя кропкі” на пляцоўцы, калі такія ёсць. Усе сакрэты “Піратаў” арт-дырэктар клуба Зміцер Шапялевіч абяцае пералічыць падчас афіцыйнага адкрыцця 4-га снежня, але нешта мы паспяваем разгледзець ужо цяпер.
Чарга з жадаючых трапіць у клуб
“Тэсціць” новы клуб мы вырашылі з музыкантамі — з кім жа яшчэ! Бас-гітарыст гурта 2morrow2late Валянцін Мурын сурова аглядае пляцоўку, але ў выніку выносіць станоўчы вердыкт:
“Калі ўсё зрабіць талкова, я маю на ўвазе гук і святло, то будзе рэальна крута! Мне падабаецца, што тут вельмі адэкватныя кошты і сёння прыйшло шмат людзей. Што тычыцца фармату канцэртаў, то тут патрэбны такі сапраўдны магутны рок, тады будзе нішцяк. Мы, магчыма, нават арганізуем тут сольнік!”
Валянцін Мурын
Што тычыцца гуку, уладальнікі пляцоўкі кажуць, што за гук у “Піратах” не будзе сорамна і абяцаюць усталяваць у клубе магутны бэклайн. Інтэр’ер нечым нагадвае колішні клуб NC — сцены з чырвонай цэглы, высокая сцэна, каб тое, што на ёй адбываецца, было бачна з любой кропкі залы.
Грымёрка
Бар
Столь у “Піратах” будзе аздобленая адмысловым святлом — сапраўднымі пражэктарамі, што выкарыстоўваюцца для асвятлення….. мастоў! Дзякуючы гэтай фішцы, арганізатары плануюць падсвечваць бетонныя пліты на столі рознымі колерамі і кажуць, што для пэўнага канцэрта ўся зала клуба можа стаць, напрыклад, чырвонай, сіняй ці белай.
Зміцер Шапялевіч анансуе наступную імпрэзу ў "Піратах"
"Курылка" у фае
Тэст клуба “па-поўнай” ладзяць “салдаты нябачнага фронту” гурт “Мутнаевока”. Фронтмэн каманды Яўген Змушка спачатку “кропіць” сцэну шампанскім, а падчас выступу неспадзявана стукаецца галавой і рассякае брыво.
“Увогуле, пляцоўка спадабалася, — кажа Яўген пасля выступу, пакуль адміністратарка клубу спрабуе заклеіць пластырам рассечанае брыво. — Спадзяюся, што яна выйдзе на ўзровень кшталту клуба NC. У нас сёння ўвогуле быў настрой і асацыяцыі, быццам бы гэтае месца — з тых часін. Мы думалі ўзяць сюды такія сапраўдныя чорныя пірацкія капялюшы, але, на жаль, не паспелі. Спадзяемся, што гэта будзе нармальны сталічны рок-клуб, таму толькі поспехаў яму”.
Плануецца, што ў “Піратах” будуць адбывацца канцэрты самага рознага фармату — ад альтэрнатывы да джазу. У дні, калі ў клубе не будзе “жывых” канцэртаў, “Піраты” будуць працаваць у фармаце кавярні: на танцпол паставяць столікі. Дарэчы, такі фармат плануецца і для некаторых канцэртаў — пад адмысловыя імпрэзы клуб ператворыцца ў камерную залу, калі на танцполе расставяць крэслы. Да таго ж, у “Піратах” абяцаюць “тэатральныя дні”, калі можна будзе глядзець спектаклі рознага фармату. А вось каго даклана нельга будзе ўбачыць на сцэне клуба, гэта кавер-бэнды, пераконваюць арганізатары.
Хол, які вядзе з вуліцы непасрэдна ў залу, будзе “брэндаваны” макетамі ад аднаго з вытворцаў моцнага алкаголю. Пакуль там красуюцца намаляваныя белай фарбай чарапы ды косткі, класічныя атрыбуты “Піратаў”.
Што тычыцца меню, на сёння ў клубе можна набыць толькі напоі, але зусім хутка запрацуе кухня, дзе можна будзе замовіць гарачую ежу, закускі ды рознага кшталту кактэйлі.
Гардэроб
Ужо на выхадзе з клуба сустракаем прамоўтара Віталя Ціхановіча. Ён акрэслівае перспектывы пляцоўкі як складаныя, але тым не менш трымае яе на прыцэле:
“Тут здорава. Нагадвае “Рэпаблік” у міні-маштабе. Асабіста ў мяне гэты клуб на прыкмеце. Гэта, хутчэй, андэграўнд , і гэта здорава! У гэтым ёсць нейкі плюс, можа быць, такога клуба як раз не хапала”.
Снежань у "Піратах" пройдзе ў тэставым рэжыме. А на пачатку наступнага года ў клубе выступяць вядомыя артысты.Адрас клуба — Партызанскі праспект, 6А
Больш здымкаў з адкрыцця "Піратаў" "ВКонтакте" і ў Facebook.