У Мінску адрэагавалі на словы Пуціна пра фінансы: зноў будуць прасіць пазыкі
Беларускі ўрад спадзяецца на рэфінансаванне дзярждоўга з расійскім бокам у 2022 годзе. Пра гэта заявіў 10 снежня міністр фінансаў Юрый Селіверстаў. Ён нагадаў, што выплаты па дзяржаўным доўгу ў наступным годзе складуць 10 мільярдаў рублёў (павялічацца на 2 млрд).
"Плануем працу па рэфінансаванню часткі даўгоў з нашымі калегамі з Расіі, — цытуе словы міністра БЕЛТА. — Працуем з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця".
Селіверстаў таксама спадзяецца на нейкія "валютныя астаткі", якія "пры неабходнасці будуць задзейнічаны".
Атрымліваецца, што Мінфін Беларусі спадзяецца на новыя крэдыты з Расіі. На мове чыноўнікаў гэта называецца "рэфінансаваць частку дзяржаўнай пазыкі". Толькі напярэдадні расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што казаць, што Беларусь знаходзіцца на ўтрыманні ў Расіі, "некарэктна" і "недапушчальна".
Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў у Палаце прадстаўнікоў, што з пачатку 2021 года Беларусь заплаціла па знешніх пазыках 2 млрд долараў. "І да канца года на гэтыя мэты накіруем яшчэ 280 млн долараў", — дадаў ён. Прэм'ер падкрэсліў, што "выплаты па знешнім доўгу будуць забяспечаны... у поўным аб'ёме".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.