У Мінску адзначылі нацыянальнае валійскае свята (фотарэпартаж)

28 лютага Еўрарадыё сумесна з брытанскай амбасадай ладзіла валійскую вечарыну, прысвечаную Дню святога Дэвіда - ахоўніка Уэльса. 1 сакавіка адзначаецца валійцамі па ўсім свеце як нацыянальнае свята. Цікава і тое, што Часовы Павераны ў справах Вялікабрытаніі Найджэл Гулд-Дэвіс нарадзіўся ў гэты ж дзень.
Імпрэза ў брытанскай амбасадзе пачалася з гукаў арфы – валійскага нацыянальнага музычнага інструмента. А калі сабраліся ўсе госці, прысутных прывітаў сам амбасадар і яго сябра валіец Гарэт Попкінс, які каротка распавёў пра Уэльс і яго культуру.

У канцы прамовы Гарэт папрасіў прабачэння за тое, што будзе чытаць з паперкі і пачаў казаць па-беларуску:

“Дзякую вам за ўвагу. Я ўпершыню ў Мінску. Мае ўражанні самыя добрыя. І, паколькі вы зараз цярпліва слухалі пра маю краіну, я вельмі спадзяюся паразмаўляць з вамі пра Беларусь”.

Далей на працягу 3 гадзінаў выступалі беларускія калектывы “Кроў Зрыў” і Artes Liberales, якія выконвалі кельцкую музыку. А ўсе наведвальнікі імпрэзы частаваліся нацыянальнай валійскай кухняй ды выдатным глінтвейнам. Ну, а закрывала вечар “Шола ірландскага танца”, дзе акрамя ірландскага стэпу танчылі і пад беларускую музыку. Дарэчы, на вечарыне прысутнічалі трое пераможцаў конкурсу Еўрарадыё, па ўмовах якога трэба было назваць 10 падабенстваў Уэльса і Беларусі.

Цікава, што і тыя конкурсы, звязаныя з гісторыяй і культурай Уэльса, якія ладзіліся ды-джэямі Еўрарадыё падчас імпрэзы, былі таксама выйграны адным з нашых пераможцаў, да таго ж з сапраўднай лёгкасцю.

У канцы вечарыны амбасадар падзякаваў усім прысутным і паабяцаў, што гэта быў не апошні раз, калі нацыянальныя святы краінаў Вялікабрытаніі адзначаюцца ў амбасадзе.










Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі