Бацькі: фізрук прымусіў займацца падчас месячных. Рэакцыя лекара-гінеколага

На ўроку фізкультуры

На ўроку фізкультуры / informator.ua

"Менструацыя — гэта не нагода не займацца", — заявіў настаўнік фізкультуры адной з мінскіх школ сваім вучаніцам і паставіў ім дрэнныя адзнакі. Пра выпадак Еўрарадыё расказала наша слухачка і мама адной з дзяўчатак Таццяна (імя зменена).

— Мы былі ў шоку, я ледзь угаварыла мужа, каб ён не пайшоў біць фізруку пысу, — кажа суразмоўніца. — Дачка прыйшла разгубленай. Яна і не ведала, як растлумачыць настаўніку... мужчыну, чаму ў яе баліць жывот. Акрамя таго, яна забыла запасную пракладку і вельмі баялася, што кроў працячэ скрозь светлы спартыўны касцюм і гэта ўсе ўбачаць. Няўжо ў нашай краіне існуе такі ненармальны закон, які абавязвае школьніц качаць прэс і бегаць падчас крытычных дзён? Што, трэба кожны месяц браць даведку ад доктара ці як?!

Ад імя Таццяны тэлефануем у Міністэрства адукацыі, дзе нам расказваюць: нарматыўнымі актамі такія выпадкі ў Беларусі не рэгулююцца.

 

Выстаўленне адзнакі неправамернае

— Натуральна, што браць даведку ад доктара на гэты перыяд вы не будзеце, таму дзейнічаць трэба толькі паводле дамоўленасці, — кажа кансультантка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі ведамства Аляксандра Аляксеева. — Школьніца папярэджвае, што дрэнна сябе адчувае, і альбо застаецца сядзець на лаўцы, альбо займаецца чымсьці іншым у залежнасці ад сітуацыі.  

Калі настаўнік паставіў дрэнную адзнаку, вы можаце аспрэчыць яе ў завуча. Наогул, адзнака ставіцца за пэўныя дзеянні на ўроку. Калі чалавек не займаўся з прычыны дрэннага самаадчування, безумоўна, выстаўленне адзнакі неправамернае.

 

Збярыце бацькоў і ідзіце да дырэктара!

А што рабіць, калі фізрук не чуе і прымушае качаць прэс?

Ідзіце да дырэктара! адназначна раяць у міністэрстве. Лепш сабрацца групай бацькоў, якія зацікаўленыя ў вырашэнні гэтай праблемы. У нарматыўных актах і ў сваіх лістах мы гэтае пытанне не рэгулюем, але яно павінна рэгулявацца правіламі ўнутранага распарадку ці нейкімі іншымі лакальнымі актамі школы.    

Паведаміце дырэктару школы, што існуе праблема: настаўнік ставіць двойкі, калі дзеці не пачынаюць на ўроку рухальную актыўнасць праз дрэннае самаадчуванне.

Родители: физрук заставил заниматься во время месячных. Реакция врача-гинеколога
Не можаш займацца? Пасядзі на лавачцы / pixabay.com

Болі падчас месячных звязаныя з медыцынскім дыягназам. Патрабуюцца лекі!  

— Збярыце бацькоў і ідзіце да дырэктара, а потым высветліцца, што гэта несанкцыянаваны мітынг, — сумна жартуе доктар-гінеколаг Станіслаў Салавей, якога Еўрарадыё папрасіла пракаментаваць сітуацыю з прафесійнага гледзішча. — Калі мы не гаворым пра ГУБАЗіК, усё ж, відаць, што збольшага ў Беларусі жывуць і працуюць нармальныя людзі. У Міністэрства адукацыі катаў і садыстаў спецыяльна не набіраюць, таму парады правільныя.  

Што тычыцца тэмы месячных, то яна ў краіне занадта стыгматызаваная. Казаць пра гэта неяк брудна, мы гэтага саромеемся. Школьніцы трэба сабрацца з духам, каб сказаць настаўніку, чаму ёй дрэнна. А калі менструацыя пачалася не па графіку, што ў падлеткаў адбываецца даволі часта? А калі пачалася ўпершыню і проста ў школе?..

Доктар перакананы, што сітуацыя, калі настаўнік апрыёры не верыць сваім вучням, вельмі дзіўная. Маўляў, "дрэнна"? А ты дакажы, што пакутуеш, а то не адпушчу.

— Нам усім трэба разумець, што ў некага месячныя вельмі моцныя, у некага — балючыя. Займацца спортам у такі час цяжка. На жаль, у нас многія мяркуюць, што калі менструацыя балючая — гэта нармальна: "У цябе баліць? У мяне таксама балела. Народзіш — пройдзе!" Але дысменарэя (паталогія, звязаная з узнікненнем боляў у нізе жывата) — гэта медыцынскі дыягназ. Яна бывае першаснай (на ўсё жыццё) або другаснай (напрыклад, паўстала пасля нейкага захворвання) — гэта сімптомы. Каб справіцца з болем, дзяўчаты і жанчыны прымаюць абязбольвальныя (ібупрафен або парацэтамол). Таксама мы часта прызначаем гарманальныя прэпараты. У выпадках, калі месячныя моцныя — кроваспыняльныя сродкі. Гэта медыцынская сітуацыя.

 

Ёсць краіны, дзе жанчынам даюць падчас месячных адпачынак. У Беларусі не гатовыя да гендарных тэм

Медык прыводзіць прыклад: у цывілізаваных краінах жанчынам дазваляюць на час месячных браць адпачынак. Без даведак яны могуць застацца адпачываць дома. У Міністэрстве адукацыі Беларусі кажуць, што сітуацыя не рэгулюецца заканадаўча. Што адбываецца на практыцы?

На прыёмах у Беларусі студэнткі расказвалі, што выкладчыкі прымушалі выклікаць да ўніверсітэта хуткую дапамогу і адпускалі толькі ў такіх выпадках. Таксі не пракатвала, маўляў "а на якіх падставах я павінен вас адпусціць да доктара?" Абавязковы выклік хуткай дапамогі, каб падаць у адміністрацыю паперку, што студэнтка не проста так прапусціла пары. На жаль, даходзіла і да такога…

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі