У Мінску будуць судзіць педагога, які рассылаў школьніцам аголеныя фота
Педагог меў зносіны са школьніцамі ў Telegram, ілюстрацыйнае фота
Былога сацыяльнага педагога адной са школ Мінскага раёна будуць судзіць за выраб парнаграфіі (ч.2 арт. 343) і распусныя дзеянні (ч. 2 арт. 169 КК РБ). Пра гэта піша агенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на райаддзел Следчага камітэта Першамайскага раёна Мінска.
Мужчыну 23 гады. Ён працаваў у школе па размеркаванні. Пачаў праз Telegram размаўляць з дзвюма васьмікласніцамі, перапісваўся з імі на розныя тэмы, а затым выдаляў перапіску. Тым не менш следства высветліла, што ў сакавіку 2023 года педагог зрабіў на мабільны тэлефон "некалькі непрыстойных здымкаў і адправіў іх школьніцам, папрасіў ацаніць выявы, а пасля запатрабаваў у непаўналетніх даслаць яму наўзамен інтымныя фота".
Дзяўчынкі паспелі захаваць здымкі і зрабіць скрыншоты перапіскі. Усё гэта яны паказалі класнаму кіраўніку і бацькам. Дарослыя звярнуліся ў міліцыю. Сацыяльнага педагога звольнілі. Адначасова ён стаў фігурантам крымінальнай справы, якую завялі па двух артыкулах. Яго затрымалі, ён знаходзіцца ў СІЗА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.