У Мінску пачаўся закрыты суд над украінскім журналістам Паўлам Шаройкам

У Мінску пачаўся закрыты суд над украінскім журналістам Паўлам Шаройкам

12 лютага ў Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся разгляд справы ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі. Яго вінавацяць у шпіянажы. 

Суд праходзіць у закрытым рэжыме, распавяла парталу tut.by прадстаўніца Вярхоўнага суда Юлія Ляскова.

Паўла Шаройку затрымалі ў лістападзе 2017 года. Тады КДБ паведамляў, што пры правядзенні агентурнай акцыі быў затрыманы кадравы супрацоўнік галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны. Беларуская спецслужба заяўляла, што Шаройка стварыў у нашай краіне агентурную сетку з беларускіх грамадзян. Яны за грошы выконвалі заданні ўкраінца па зборы звестак разведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы. Пасля затрымання Шаройка знаходзіцца пад вартай. 

Падчас допытаў Шаройка заявіў, што дзейнічаў пад кіраўніцтвам супрацоўніка галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Ігара Скварцова, які працаваў дарадцам амбасады Украіны ў Беларусі. За дзейнасць, несумяшчальную з дыпламатычным статусам, Скварцоў быў абвешчаны ў Беларусі персонай нон грата.

За шпіянаж Шаройку пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Дарэчы, ва Украіне паралельна пачынаецца суд над беларусам Юрыем Палітыкам. Яго таксама вінавацяць у шпіянажы. Палітыка быў затрыманы ўлетку 2017 года ў Чарнігаве. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі