У Мінску пачаўся суд па гібелі радавога Аляксандра Коржыча
16.36 У судзе абвешчаны перапынак да 10:00 чацвярга, 8 жніўня. У гэты дзень будуць дапытаныя абвінавачаныя.
16.25 Бараноўскі часткова прызнаў сваю віну па ўсіх артыкулах абвінавачання. Скуратовіч і Вяжевич не прызналі віну па артыкуле 455 КК — менавіта тым, які тычыцца гібелі Коржыча.
Суддзя запытаў у маці Коржыча, ці згодная яна на прыняты судом парадак судовых дзеянняў. Яна прапанавала суддзі паглядзець на фатаграфіі яе сына пасля ўскрыцця. Але потым усё ж пагадзілася на агульны парадак судовага працэсу.
16.15 Здзяйсняючы апісаныя дзеянні ў дачыненні да сваіх падначаленых, у тым ліку радавога Коржыча, сістэматычна здзекуючыся, ствараючы абстаноўку неабходнасці даваць хабар, Вяжэвіч перавысіў свае паўнамоцтвы, што прывяло да цяжкіх наступстваў — смерці Коржыча.
Дзяржабвінаваўца заявіў, што Коржыч, баючыся і не жадаючы вяртацца ў частку, не бачачы іншага выхаду з сітуацыі, пасля выпіскі з медчасткі павесіўся.
Пракурор скончыў зачытваць абвінавачанне.
16.10 Следству сталі вядомыя факты, што Вяжэвіч біў радавых па ягадзіцах, а аднаго з іх прывязаў на некаторы час да рукі іншага салдата. Аднойчы Вяжэвіч схапіў аднаго з радавых з-за спіны і паклаў на зямлю, а калі той пачаў падымацца, упаў каленямі яму на спіну і нанёс удары. Коржыча Вяжэвіч таксама збіваў. Напрыклад, наносіў удары чаравікамі з высокім берцам.
16.00 Вяжэвіч біў радавых чаравікамі з высокім берцам, а калі быў незадаволены напоўненасцю бутэлькі з вадой, то падстаўляў рыльца бутэлькі да цела салдата, біў яе ў донца, чым прыносіў фізічны боль радавым. Падчас вячэрняга шыхтавання Вяжэвіч перыядычна біў радавых па патыліцах.
15.47 Працяглы час Вяжэвіч здзекаваўся з салдат, карыстаючыся сваімі службовымі паўнамоцтвамі. Напрыклад, пасля сігналу "адбой" ён загадваў шарагоўцам падымацца з ложка і прыбіраць туалеты, памяшканні казармы. Аднаго з радавых ён прымусіў разаслаць сабе ложак. У жніўні 2017 Вяжэвіч перавярнуў ложкі ў казарме і скінуў рэчы радавога Асіпука і яго калегі. Таксама пракурор згадвае эпізод, у якім Вяжэвіч прымусіў радавога выціснуць на рукі крэм для абутку і пачысціць рукамі чаравікі.
15.27 Вяжэвіч таксама перавышаў свае паўнамоцтвы, загадваючы салдатам прысядаць, адціскацца, знаходзіцца ў паўпрыседзе ў час, не прызначаны для заняткаў фізпадрыхтоўкай. Усё гэта ён рабіў як праз дробныя хібы салдат, так і без нагоды.
15.05 Аднойчы Вяжэвіч запатрабаваў у радавога Казекі набыць маянэз "Правансаль". Казека купіў маянэз "Правансаль люкс" за 98 капеек. У іншыя дні Вяжэвіч за дазвол схадзіць у краму патрабаваў у радавых купіць яму эклеры, сухарыкі "Кірыешкі", паўтаралітровую бутэльку напою "Белакола" і яшчэ... малочны кактэйль.
14.50 У судзе кажуць пра шматразовыя эпізоды, дзе абвінавачаныя сяржанты патрабавалі ў радавых купляць ім ежу, напрыклад, пачкі вермішэлі "Ролтан", літровыя бутэлькі газіроўкі "Расінка", распушчальную каву, шаўрму, піцу, цыгарэты і многае іншае. У перапынку паседжання маці Сашы Коржыча заўважыла: "За "Ролтан" не забіваюць". Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што салдаты прыходзяць у войска забітыя, галодныя, прыязджаюць з вёсак: "Зрабіце кантрактную службу, і не будзе ніякай дзедаўшчыны", — рэзюмавала жанчына.
14.30 22-гадовы Антон Вяжэвіч прызваны на службу 20 мая 2016 года Вілейскім ваенкаматам. Па словах пракурора, Вяжэвіч не перашкаджаў таму, што салдаты карысталіся тэлефонамі з доступам у інтэрнэт, з магчымасцю фота- і відэаздымкі (пры праходжанні тэрміновай службы салдатам дазваляецца мець толькі кнопкавыя тэлефоны, без інтэрнэту і камеры). Вяжэвіч, як Бараноўскі і Скуратовіч, таксама прымаў хабар і патрабаваў ад салдат купляць яму ежу і цыгарэты, а таксама забіраў у радавых прадукты харчавання.
14.15 Пракурор Шарснёў працягвае зачытваць эпізоды, за якія Ягору Скуратовічу выстаўленае абвінавачанне. Незадаволены стрыжкай салдат, ён дазваляў сабе падчас вячэрняга шыхтавання біць іх рукой у патыліцы. Такім чынам, дзеянні Скуратовіча пацягнулі цяжкія наступствы — самагубства Коржыча, кажа прадстаўнік дзяржабвінавачання: "Хоць пры неабходнай уважлівасці і абачлівасці Скуратовіч мог прадухіліць такія наступствы".
14.00 Працэс працягваецца
13.50 У судзе — 22 пацярпелыя салдаты. Мець зносіны з журналістамі яны адмаўляюцца. Кажуць — нельга.
13.12 Маці загінулага Аляксандра Коржыча Святлана паказвае журналістам фатаграфіі пасля ўскрыцця цела. Яна не верыць, што сын павесіўся праз тое, што не хацеў служыць. Яна лічыць, што гэта няпраўда, ён ужо нічога не баяўся, толькі прасіў скідваць на картку грошы.
Маці абураецца, што абвінавачванне Бараноўскаму не выстаўленае, напрыклад, праз сэнсарны тэлефон Сашы, які аказаўся ў сяржанта.
"Ён у нейкім следчым ізалятары ў медроце знаходзіўся. У Навінкі яго павезлі. Што гэта такое было? Чаму мяне не папярэдзілі? Чаму не паведамілі мне, што праблемы ў майго сына? Проста лёгка і павесіўся! — кажа яна. — Не ведаю, па колькі гадкоў сяржантам дадуць. Але смерць сына забрала ў мяне цяперашняе і будучыню. Цяперашняе і будучыню забрала армія. А ў дзяржабвінавачання толькі адны "Ролтаны" і "кава".
13.00 У судовым паседжанні абвешчаны перапынак да 14:00
12.57 Усяго Скуратовіч прыняў хабару на суму 145 рублёў і 15 капеек. Бараноўскі, як раней сказаў дзяржабвінаваўца, атрымаў ад сваіх падначаленых грошай і прадуктаў на суму каля 228 рублёў. Пракурор кажа, што ў перыяд з ліпеня па жнівень 2017 года сяржант Скуратовіч забіраў у падначаленых прадукты харчавання за права наведаць краму, а таксама прасіў набыць прадукты для сябе.
12.45 "Скуратовіч у ліпені-кастрычніку 2017 года з карыслівых памкненняў прымаў хабар", — зачытвае дзяржабвінаваўца Шарснёў.
Многія эпізоды, якія ставіліся ў віну Бараноўскаму, паўтараюцца і ў Скуратовіча.
12.35 Судовае следства працягваецца, дзяржабвінаваўца распавядае пра 20-гадовага Ягора Скуратовіча. Хлопец нарадзіўся ў Жабінцы. На тэрміновую ваенную службу быў прызваны 21 мая 2016 года Мазырскім ваенкаматам.
12.20 "У жніўні 2018-га, — працягвае дзяржабвінаваўца. — Коржыч папрасіў Бараноўскага за грашовае ўзнагароджанне вызваліць яго ад гаспадарчых работ, менш адпраўляць у нарады, не прымяняць да яго фізічныя пакаранні. Праз некалькі дзён, каля 18.00, Бараноўскі прыняў ад Коржыча 30 рублёў".
12.05 Пракурор працягвае зачытваць выпадкі, калі Бараноўскі перавышаў службовыя паўнамоцтвы. У адзін з дзён у жніўні 2017-га Бараноўскі пасля сігналу "адбой", выказваючы незадаволенасць паводзінамі падначаленых, загадаў Коржычу і іншым радавым падняцца з ложка, пашыхтавацца, надзець супрацьгазы і выконваць адцісканні на руках ад падлогі, а таксама замерці на напаўсагнутых руках на пяць хвілін.
11.50 Бараноўскі незаконна і неаднаразова ў прысутнасці іншых вайскоўцаў здзекаваўся з падначаленых. Пасля сігналу "адбой", а таксама ў час, не прызначаны для фізічнай падрыхтоўкі, загадваў выконваць розныя практыкаванні. Напрыклад, з 5-га па 10-га ліпеня 2017 года (каля 15.00), дзейнічаючы сумесна са Скуратовічам, загадаў Коржычу і іншым радавым выканаць не менш за 25 адцісканняў на руках ад падлогі, а таксама на пяць хвілін заміраць на напаўсагнутых руках.
11.45 У канцы ліпеня — пачатку жніўня загінулы радавы Аляксандр Коржыч звярнуўся да Яўгена Бараноўскага з просьбай карыстацца мабільным тэлефонам. У пачатку жніўня 2017-га года каля 18.00 Бараноўскі прыняў ад Коржыча хабар у памеры 40 рублёў. Ведаючы, што Коржыч карыстаўся мабільным тэлефонам у неналежных месцах і ў неналежны час, Бараноўскі наўмысна не выканаў свае абавязкі, не далажыўшы пра гэта начальству.
У ліпені — верасні Бараноўскі патрабаваў ад радавога Коржыча набыць у краме не менш за 10 пакуначкаў кавы "Нэскафэ" (0,45 рубля за пакецік), не менш за 10 пакуначкаў кавы "Голдэн" (0,34 рубля), не менш як 7 пачкаў вафель "Яшкіна", не менш за 3 пачкі цыгарэт Camel, а таксама іншыя прадукты.
Пракурор зачытвае яшчэ дзясяткі выпадкаў, калі Бараноўскі перавышаў свае службовыя паўнамоцтвы і на просьбу радавых наведаць краму патрабаваў ад іх купляць яму прадукты і цыгарэты.
11.20 Пракурор зачытвае абавязкі Бараноўскага падчас службы. Коржыч і пацярпелыя салдаты, прысутныя ў зале, былі яго падначаленымі.
З ліпеня па жнівень 2017 года Бараноўскі наўмысна парушаў статут з карыслівымі мэтамі і з мэтамі асабістай нажывы. Напрыклад, у сярэдзіне ліпеня да Бараноўскага звярнуліся трое радавых з просьбай бесперашкодна карыстацца мабільным тэлефонам. Бараноўскі пагадзіўся — за 30 рублёў. Пракурор зачытвае яшчэ некалькі выпадкаў атрымання Бараноўскім хабару. Практычна ўсюды фігуруе сума 30-40 рублёў.
"Прымаць меры па прадухіленні гібелі і траўматызму асабовага складу..." — чытае спіс абавязкаў Бараноўскага Юрый Шарснёў.
Бараноўскі адказваў за выхаванне і вайсковую дысцыпліну падначаленых, павінен быў клапаціцца пра іх, ведаць патрэбы, дакладваць камандзіру ўзвода аб правінах падначаленых. Ён не меў права прымаць у маёмасць падарункі і атрымліваць іншую выгаду ў сувязі з займанай пасадай (нагадаем, Яўген Бараноўскі адзіны абвінавачваецца па ч.1 арт. 205 КК (крадзеж).
11.00 Суд пачаўся. За кратамі ў зале паседжання абвінавачаныя сяржанты: Яўген Бараноўскі — абвінавачванне па ч. 1, 2 арт. 430 (атрыманне хабару), ч.1 арт.205 (крадзеж), ч. 3 арт. 455 (злоўжыванне ўладай, перавышэнне або бяздзейнасць), Ягор Скуратовіч, Антон Вяжэвіч — па ч. 1, 2 арт. 430 і ч. 3 арт. 455 КК.
Пракурор — Юрый Шарснёў
Суддзя — Алег Лапека
* * *
8 жніўня Мінскі абласны суд на выязным паседжанні ў судзе Маскоўскага раёна пачаў разгляд па крымінальнай справе па факце смерці радавога Аляксандра Коржыча.
Абвінавачванне выстаўленае тром сяржантам. Іх абвінавачваюць па ч. 1, 2 арт. 430 (атрыманне хабару службовай асобай) і ч. 3 арт. 455 КК (злоўжыванне і перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якія прывялі да цяжкіх наступстваў). Адзін з іх таксама абвінавачваецца па ч. 1 арт. 205 (крадзеж). Віну абвінавачаныя прызналі часткова.
Цела радавога Коржыча знайшлі 3 кастрычніка 2017 года ў сутарэнні медыцынскай роты вайсковай часткі. У салдата былі звязаныя ногі, а на галаву надзетая майка.
Расследаванне гібелі 21-гадовага пінчука доўжылася паўгода. Увесь гэты час следства адпрацоўвала тры версіі здарэння ў Печах: забойства, давядзенне да самагубства і самагубства. 19 красавіка Следчы камітэт паведаміў, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства калегі.