У Мінску п'яны бяспраўнік збіў на пераходзе жанчыну з дзіцём
У Мінску п'яны бяспраўнік збіў на пешаходным пераходзе 25-гадовую жанчыну з 3-гадовым дзіцём. Здарэнне адбылося каля 19:30 у чацвер, 31 траўня, на вуліцы Матусевіча. Пешаходы ішлі на зялёнае святло. Дзіцё атрымала чэрапна-мазгавую траўму цяжкай ступені, пералом патылічнай косткі. У бальніцу трапіла і маці, інфармуе "СБ. Беларусь сегодня" са спасылкай на ўпраўленне ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.
Аўтамабілем кіраваў 75-гадовы мужчына. У яго былі відавочныя прыкметы алкагольнага ап'янення. Высветлілася, што пенсіянера пазбавілі права на кіраванне транспартнымі сродкамі. Раней яго неаднаразова затрымлівалі, як бяспраўніка, за кіраванне аўтамабілем. Пры гэтым ён няўдала спрабаваў абскардзіць рашэнне ДАІ аб пазбаўленні яго вадзіцельскіх правоў.
Увечары на месцы здарэння працавала аператыўна-следчая група.