У Мінску 14 верасня святкуюць Дзень горада
У Мінску сёння святкуюць Дзень горада — яго традыцыйна адзначаюць штогод у верасні. У рамках свята запланаваныя шматлікія імпрэзы — фестывалі, конкурсы, спаборніцтвы, канцэрты.
Пачнецца Дзень горада з афіцыйнай цырымоніі ўскладання кветак ля стэлы “Мінск — горад-герой”. Далей на пляцоўцы Палаца спорту адбудуцца спаборніцтвы аварыйна-выратавальных службаў, фестываль байкераў, канцэрт.
У паркавай зоне ўздоўж праспекта Пераможцаў і Машэрава пройдзе міжнародны гістарычны фестываль “Мінск старажытны”, куды з’едуцца аматары гістарычнай рэканструкцыі з розных краінаў, у тым ліку з Кітая і ЗША.
У Верхнім горадзе выступяць музыкі “Пешаходкі”, адбудуцца паказы тэатральнага праекта “Без сцэны”. На Кастрычніцкай плошчы пройдзе цырымонія ўручэння ўзнагародаў “Мінчанін года”. Позна ўвечары на беразе Свіслачы зладзяць музычна-піратэхнічнае шоў, якое стане фіналам святкавання.
Імпрэзы да Дня горада таксама пройдуць у Лошыцкім парку, Траецкім прадмесці, у Цэнтральным батанічным садзе, у шэрагу сталічных музеяў, а таксама на пляцоўках у раёнах.