У Мінску вызначылі "чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасці" 2018 года
10 студзеня Асамблея НДА дзясяты раз адзначыла выбітных людзей і падзеі года.
Прэмія "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці" ўручалася як у старых, так і ў новых намінацыях.
Намінацыю “Грамадскі лідар года” атрымаў заснавальнік “Арт Сядзібы” Павел Белавус. Такім чынам была адзначаная яго роля ў святкаванні 100-годдзя БНР, акцыі #добрыясловы і "Брукаванка памяці" ў Курапатах. А сама кампанія “БНР-100” была ўзнагароджаная як “Кампанія года”.
Выбітной новай ініцыятывай прызналі універсітэт імя Ніла Гілевіча, заснаваны "Таварыствам беларускай мовы".
Сярод рэгіянальных камапаніяў была адзначаная ініцыятыва "Брэст супраць свінцу" — кампанія супраць акумулятарнага завода ў Брэсце. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць шкоднага будаўніцтва і штонядзелю выходзілі пратэставаць на цэнтральную плошчу горада. У Адміністрацыю прэзідэнта было даслана больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку брэсцкіх чыноўнікаў.
Званне “Крэатыў года” атрымала бацькоўская ініцыятыва “Дзеткі-кветкі”. Бацькі правялі маніторынг 106 дзіцячых садкоў у Мінску і праверылі, як супрацоўнікі валодаюць беларускай мовай.
Новай намінацыяй у прэміі стала “Талака года”. Уручаць яе мяркуецца за ўцягванне ў грамадскі рух вялікай колькасці людзей праз краўдфандынг, акцыі, валанцёрства ды інш. Прэмію ў гэтай катэгорыі атрымала платформа “Талака”, якая ў 2018 годзе сабрала 1 мільён рублёў на грамадскія праекты.
Узнагароду “Медыяактыўнасць года” атрымаў Вінцук Вячорка за праграму “Мова пра мову” на Радыё "Свабода".
Прэмія "Партнёрства года" дасталася праваабарончым арганізацыям, якія аб’ядналіся і падрыхтавалі альтэрнатыўны даклад для Камітэта правоў чалавека ААН.
Журналістам года была прызнаная супрацоўніца інфармагенцтва БелаПАН Таццяна Каравянкова.
А “Гарбуз года” быў уручаны дзяржаўнаму інфармагенцтву БелТА. Як вядома, па заяве гэтага інфармагенцтва былі затрыманыя 14 журналістаў і журналістак недзяржаўных медыя і абвінавачаныя ў “несанкцыянаваным доступ да інфармацыі”.