У Мінску затрымалі расіяніна, асуджанага ў РФ за "дыскрэдытацыю арміі"

Аляксей Маскалёў / t.me/sotaproject
Аляксей Маскалёў / t.me/sotaproject

У Мінску затрымалі расіяніна Аляксея Маскалёва, асуджанага ў Расіі па абвінавачванні ў паўторнай "дыскрэдытацыі арміі", паведамляе тэлеграм-канал SOTA.

Яго адвакат Дзмітрый Захватаў кажа, што сувязі з падабаронным цяпер не мае. Тэлефон Маскалёва не адказвае, пацвердзіць затрыманне адвакат не можа, але "па ўскосных звестках усё так і ёсць".

Мяркуецца, што Маскалёва затрымалі пасля таго, як ён уключыў свой мабільнік у мінскай кватэры, дзе хаваўся ад пераследу.

Аляксей Маскалёў — жыхар горада Яфрэмаў у Тульскай вобласці. Яго асудзілі да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму за каментары ў "Аднакласніках". Падчас суда ён быў пад хатнім арыштам. У дзень вынясення прысуду стала вядома, што ён уцёк.

Маскалёва пачалі пераследаваць пасля таго, як яго дачка Маша намалявала ў школе на ўроку антываенны малюнак. Бацька выхоўвае яе адзін. Дзяўчынку забралі ў прытулак. Камісія па справах непаўналетніх патрабуе, каб Маскалёва пазбавілі бацькоўскіх правоў. Гэтае пытанне будуць разглядаць у судзе 6 красавіка.

МУС Беларусі пацвердзіла РБК затрыманне Аляксея Маскалёва "на запыт расійскай паліцыі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі