У Мінску затрыманы ўладальнік гандлёвых цэнтраў — не заплаціў 10 млн падаткаў
Гандлёвы цэнтр у Мінску / Ілюстрацыйнае фота
У Мінску затрыманы ўладальнік некалькіх гандлёвых цэнтраў, супраць яго распачатая крымінальная справа за нявыплату падаткаў на суму больш за 9,8 мільёна рублёў, паведамляе КДК.
Кіраўнік займаўся незаконным драбненнем бізнесу. Каб паменшыць падаткі, ён размяркоўваў выручку паміж 16 афіляванымі структурамі. Гаворка пра грошы, якія бізнесовец атрымліваў ад здачы ў арэнду памяшканняў у гандлёвых цэнтрах.
Парушэнні мелі месца са студзеня 2019 года па сакавік 2021 года, удакладняюць у КДК.
Падчас ператрусаў кантралёры канфіскавалі дакументы, носьбіты інфармацыі, чарнавыя запісы. На маёмасць бізнесоўца накладзены арышт.
Прозвішча прадпрымальніка не называецца. Паводле некаторых дадзеных, гаворка пра Віталя Сініцкага, кіраўніка кампаніі "Сігмаполюс", якой належаць мінскія бізнес-цэнтры "Тытан", "Цівалі", "Арлан", "Хваля", "Анкор", "Трум" і іншыя.
Пасля таго як Сініцкі даведаўся, што кампанію "21vek" абвінавачваюць у незаконным драбненні бізнесу, ён вырашыў падстрахавацца і напісаў на сябе заяву ў падатковую. Бізнесмен папрасіў праверыць яго справы і падказаць, як усё выправіць у адпаведнасці з законам, калі будуць выяўленыя якія-небудзь парушэнні.
Пасля праверкі Сініцкі чакаў, што яму паведамяць вынікі. Але з серады 22 верасня ён перастаў выходзіць на сувязь.
У нядаўнім рэйтынгу паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў Сініцкі займае 38-е месца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.