Старшыню Эканамічнага суда Мінска і трох суддзяў звольнілі

Адразу чацвярых суддзяў Эканамічнага суда Мінска звальняюць з пасады: здзейснілі правіннасць, несумяшчальную з займанай пасадай. Судзейскага крэсла пазбаўляюць старшыню суда Ігара Ждановіча, Сяргея Кулакоўскага, Алега Клюйко і Андрэя Рыбалкіна паводле указа Аляксандра Лукашэнкі "Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў".


Такім праступкам можа быць карупцыя, парушэнне этыкі ці перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Так характарызуюць магчымыя парушэнні ў Генпракуратуры.


Але па інфармацыі інфармацыйна-асветніцкай установы "Платформа", суддзі не проста звольненыя, але і затрыманыя. 


"Распачатая крымінальная справа па факце атрымання хабару і перавышэнню службовых паўнамоцтваў", ― распавядае кіраўнік Платформы Алёна Красоўская-Каспяровіч.

У КДБ і Следчым камітэце інфармацыю пакуль не каментуюць. Еўрарадыё будзе сачыць за развіццём сітуацыі.


Яшчэ ў лютым КДБ затрымлівае суддзю гэтага ж суда Юрыя Грушэцкага, якога падазраюць у атрыманні хабару.
Эканамічны суд ― былы гаспадарчы. А некалькі звольненых суддзяў добра вядомыя гучнымі справамі.


Напрыклад, Сяргей Кулакоўскі яшчэ ў студзені прысудзіў Ігару Логвінаву штраф у амаль мільярд рублёў, прызнаўшы выдаўца вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці: прадаваў кнігі без рэгістрацыі Мінінфармацыі.


А суддзя Алег Клюйко тры гады таму прыняў рашэнне аб ліквідацыі інфармацыйна-асветніцкай арганізацыі "Платформа" пасля іску з падатковай. 


Яшчэ адзін звольнены суддзя, Андрэй Рыбалкін у верасні 2010 года, акурат перад прэзідэнцкімі выбарамі прыняў рашэнне аб ліквідацыі "Руху наперад", які ўзначальваў Уладзімір Някляеў ― кандыдат у прэзідэнты. Падстава ― ілжывыя звесткі, якія прадстаўнікі руху падалі ў Мінгарвыканкам падчас рэгістрацыі руху.

Фота: ctv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі