У Nizkiz выйшла лічбавая пласцінка ў фармаце 3plet
Яна атрымала назву "Guantanama" і ўключыла ўсе запісы, выдадзеныя магілёўскімі рокерамі за гісторыю існавання: аднайменны дэбютнік і 2 сінглы.
Гурт Nizkiz прэзентуе лічбавую пласцінку "Guantanama", выдадзеную ў фармаце 3plet. Сертыфікат на выпуск альбома ад кампаніі 3plet музыкі атрымалі ў якасці спецыяльнага прыза на прэміі Еўрарадыё "Даём рады". У пласцінку ўвайшлі ўсе запісы, выдадзеныя магілёўскай камандай за гісторыю існавання: аднайменны дэбютнік, сінглы "Держи" і "Гуантанама".
"Цяпер адбываецца свайго роду адрыў музыкі ад аўтара, ― тлумачыць важнасць 3plet'а ў дыскаграфіі гурта бубнач Зміцер Халяўкін. ― Але ўсё адно ёсць людзі, якім мала паслухаць адну песню, яны хочуць яшчэ пачытаць тэксты, паглядзець карцінкі, каментарыі, інфармацыю пра запіс. Вось тут гэта ўсё можна зрабіць: да кожнага трэка пракладаецца карцінка, каб стварыць больш цэласны вобраз, дапамагчы слухачу зразумець, як мы бачым нашу пласцінку не толькі праз музыку, але і праз візуалізацыю".
Музыкі падкрэсліваюць, што выхад пласцінкі з фармаце 3plet вельмі актуальны ў час, калі практычна ў кожнага ёсць смартфон ці планшэт. Неўзабаве альбом з'явіцца ў афіцыйных крамах для Android і Apple. Гэта, на думку Nizkiz, павялічыць колькасць прыхільнікаў гурта і прыцягне асаблівую ўвагу, бо ў падобнай справе Nizkiz ― першапраходцы ў Беларусі.
З усяго матэрыялу выдання музыкі ўсё ж выдзяляюць кампазіцыю "Гуантанама" ― дэбют каманды на беларускай мове. Дарэчы, на пачатку траўня адбудзецца прэм'ера яшчэ аднаго беларускамоўнага сінгла Nizkiz, які будзе характарызаваць гучанне будучай пласцінкі гурта, над якой вядзецца актыўная праца.
Некалькі прэм'ер з яе каманда пакажа падчас свайго выступу на фэсце "Дзень радыё", які пройдзе ў сталічным клубе Re:Public 23 траўня і збярэ лепшыя live-каманды Беларусі.