Пакуль Чыж за кратамі, у офіс “Трайпла” пераязджае іншая кампанія (фота)

Пакуль Чыж за кратамі, у офіс “Трайпла” пераязджае іншая кампанія (фота)

13 траўня ў галоўны офіс кампаніі “Трайпл” (знаходзіцца на праспекце Пераможцаў у Мінску) пачала пераязджаць іншая кантора — ААТ “Прамагралізінг”. Гэтая арганізацыя займаецца прасоўваннем беларускай прадукцыі за мяжу і не мае дачынення да фірмы затрыманага бізнесмена Юрыя Чыжа. “Прамагралізінг” будзе займаць меншую частку будынка, большасць памяшканняў пакуль застаецца за “Трайплам”.

Падобна на тое, што кіраўнік “Трайпла” Юрый Чыж, трапіўшы пад следства, на вачах страчвае вельмі многае. Гэта добра бачна па некаторых прыкладах. Супрацоўнікі сеткі гіпермаркетаў ProStore, што належыць “Трайплу”, ужо каля двух месяцаў змагаюцца за напаўненне паліц прадукцыяй. Але атрымліваецца гэта з цяжкасцю. На некаторыя паліцы ўвогуле няма чаго класці, і іх проста завешваюць тканінай. Дзесьці тавары ставяць толькі спераду ў адзін шэраг, дзесьці агромістыя секцыі, куды змяшчаецца па 10-15 відаў тавараў, закладзеныя толькі адным.

“У нас праблемы з пастаўшчыкамі. Альбо перажывем травень і выжывем, альбо ўвогуле загнёмся”, — так апісвае перспектывы адна з супрацоўніц “Прастора” на Каменнай горцы у Мінску.

Афіцыйна сітуацыю ў кіраўніцтве супермаркетаў не каментуюць. Адмоўчваюцца і пастаўшчыкі. Хоць у СМІ трапіла інфармацыя, што на сетку гіпермаркетаў некаторыя з пастаўшчыкоў падалі ў суд з-за несвоечасовых выплат за прадукцыю. А нядаўна стала вядома пра ліст у “Гроднамясамалпрам” ад Сяргея Чыжа, сына зняволенага бізнесмена і дырэктара сеткі ProStore. Чыж-малодшы спасылаецца на афіцыйныя дакументы, паводле якіх вытворцы павінны аднавіць пастаўку сваіх тавараў у ProStore для выратавання сеткі супермаркетаў.

Пакуль Чыж за кратамі, у офіс “Трайпла” пераязджае іншая кампанія (фота)

Юрый Чыж быў затрыманы сёлета 11 сакавіка. У Беларусі яго называлі не проста бізнесменам, а найбліжэйшым да Лукашэнкі алігархам. Ужо 15 сакавіка стала вядома, што арышт накладзены як мінімум на катэдж Чыжа ў Драздах, на некалькі дамоў членаў яго сям’і ў Лагожаску і на палову катэджа Чыжа-малодшага ў пасёлку Зацань.

У хуткім часе стала вядома, што бізнесмена абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў і збораў у буйных памерах. У сакавіку кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык расказаў пра схему, якой Чыж, на думку сілавікоў, скарыстаўся для вываду грошай з Беларусі. У Расіі, як сцвярджаў старшыня КДБ, была створаная ілжэфірма для фінансавых махінацый. Туды пераводзіліся мільёны долараў нібыта за выкарыстанне таварнага знаку.

Днямі Вакульчык заявіў, што падстаў для вызвалення Чыжа з няволі “няма і блізка”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі