У Оршы затрымалі мужчыну, які страляў у прадаўца, каб абрабаваць краму

Падазраваным па справе праходзіць 25-гадовы жыхар Мінскага раёна, які нідзе не навучаецца і не працуе. 
 
Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, 30 кастрычніка каля 18 гадзін 30 хвілін у адну з крамаў Оршы зайшоў мужчына і, паказаўшы агнястрэльную зброю, загадаў аддаць яму грошы з касы. Пачуўшы адмову, ён зрабіў некалькі стрэлаў у паветра, а потым — у аднаго з прадаўцоў, якія супраціўляліся нападніку. Забраўшы 350 тысяч рублёў, мужчына ўцёк. 

Праваахоўнікі знайшлі яго на пероне чыгуначнай станцыі "Хорабрава" пад Оршай. Пры затрыманні ён пачаў адстрэльвацца, зрабіўшы не менш за пяць прыцэльных стрэлаў у бок супрацоўнікаў міліцыі. Таму на яго дадаткова пачалі крымінальную справу за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў. 

Падчас асабістага догляду ў падазраванага знайшлі прадметы, вонкава падобныя да агнястрэльнай зброі, а таксама самаробнае выбуховае прыстасаванне. Апрануты ён быў у бронекамізэльку. 

Затрыманы дае паказанні. Правяраецца яго датычнасць да іншых проціпраўных дзеянняў. 
 
Фота — sk.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі