У пастанову па дзяржрэгуляванні цэн хочуць унесці паслабленні
Гандаль / Еўрарадыё
У пастанову №713, якая ўвяла жорсткае дзяржрэгуляванне цэн, чыноўнікі могуць унесці змены. У прыватнасці, у МАРГ разглядаюць істотнае скарачэнне спісу тавараў, якія рэгулююцца. Пра гэта паведамляе Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў.
21 снежня з прадстаўнікамі бізнесу сустрэўся намеснік кіраўніка МАРГ Андрэй Картун. На сустрэчы абмяркоўвалася пастанова №713. "Па словах Картуна, многія прапановы РСПП улічаныя ў праекце змяненняў у пастанову 713. Таксама ён паведаміў, што разглядаецца істотнае скарачэнне пераліку рэгуляваных пазіцый, а на шэраг тавараў — павелічэнне гранічнага памеру надбавак", — кажуць у РСПП.
Нашумелая пастанова была прынятая 19 кастрычніка. За два тыдні да таго, 6 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка забараніў павышаць цэны ў Беларусі.
За апошнія два месяцы сілавікі пачалі шэраг крымінальных спраў на прадстаўнікоў гандлю, якія павысілі цэны. Некаторых паспелі ўжо нават асудзіць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.