У Паставах жанчына без маскі ела прадукты ў краме, калі адмаўляліся абслугоўваць
Суд апраўдаў жыхарку Паставаў, якая з'ела некалькі сыркоў і выпіла напой, калі яе адмовіліся абслугоўваць праз адсутнасці маскі, пішуць "Народныя навіны Віцебска".
Жанчына хадзіла ў краму перад закрыццём 25, 26 і 29 верасня. Яна прыходзіла без маскі. Калі на касе яе адмаўляліся абслугоўваць, яна на вачах у прадаўцоў ела прадукты і піла напоі.
Работнікі крамы выклікалі міліцыю, і на жанчыну склалі пратаколы паводле артыкула 11.3 КаАП — наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці. Прадаўцы падлічылі шкоду ад яе дзеянняў: 18 рублёў 53 капейкі ў першы вечар, 22 рублі 36 капеек — у другі і 17 рублёў 39 капеек — у трэці.
На судзе жанчына заявіла, што была галоднай, шкодзіць маёмасць не планавала і хацела разлічыцца. Аднак прадаўцы адмаўляліся абслугоўваць, бо на ёй не было маскі. Міліцыянты, выкліканыя ў якасці сведкаў, пацвердзілі, што пакупніца прасіла разлічыць яе.
Суд Пастаўскага раёна пастанавіў, што ў дзеяннях жанчыны няма складу адміністрацыйнага правапарушэння, і спыніў справу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.