У Пецярбург прывезлі целы загінулых у авіякатастрофе ў Егіпце
Раніцай 2 лістапада ў Пецярбург прывезлі целы 144 загінулых у авіякатастрофе расійскага самалёта А321 у Егіпце. Першы самалёт МНС Расіі прыляцеў з Каіра ў аэрапорт Пулкава, другі чакаецца сёння ўвечары. У бліжэйшыя гадзіны пачнецца працэдура апазнання загінулых сваякамі, інфармуе ВВС.
Самалёт Airbus-321, які выконваў рэйс Шарм-эль-Шэйх — Санкт-Пецярбург, разбіўся на поўначы Сінайскага паўвострава раніцай 31 кастрычніка. На яго борце знаходзілася 224 чалавекі. Як стала вядома, сярод іх быў беларус Раман Серадзінскі, ураджэнец Клічава, які ўжо дзесяць гадоў працаваў у Расіі, а таксама сям'я беларускага паходжання. 59-гадовы Аляксандр Радлевіч, ураджэнец Калінкавіцкага раёна, жыў у Санкт-Пецярбургу разам з 56-гадовай жонкай Алай, якая таксама нарадзілася ў Беларусі.
Пакуль дакладна невядома, што стала прычынай катастрофы. Спецыялісты кажуць, што ніводную з версій, у тым ліку і тэракту, выключыць нельга.
Фота: ria.ru, AFP