У Петрыкаўскім раёне злодзей у масцы Гая Фокса спрабаваў абакрасці краму
У Петрыкаўскім раёне ўчастковы інспектар капітан міліцыі Уладзімір Шэвель спыніў злодзея ў масцы Гая Фокса, які хацеў абрабаваць краму.
Як паведамляе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама, здарэнне адбылося 9 верасня ў тры гадзіны ночы. На вуліцы Гарадской у вёсцы Мышанка міліцыянт пабачыў, як невядомы спрабуе праз акно забрацца ў памяшканне крамы: мужчына абрэзаў краты і высадзіў шыбу.
Праваахоўнік закрычаў "Стой, міліцыя!" і прапанаваў зламысніку выйсці на святло, павярнуцца тварам і пакінуць прадметы, якія знаходзяцца ў руках. Замест гэтага невядомы кінуўся на ўчастковага, размахваючы адвёрткай. На твары нападніка была пластыкавая маска ў выглядзе чалавечага твару.
Паміж міліцыянтам і невядомым пачалася барацьба, прычым зламыснік спрабаваў ударыць праваахоўніка адвёрткай. Аднак участковы выбіў адвёртку з рук нападніка, пасля чаго той пачаў уцякаць.
Капітан міліцыі папярэдзіў, што будзе страляць і зрабіў папераджальны стрэл уверх, аднак зламыснік не спыніўся. Ён схаваўся ад пагоні ў гушчары. Участковы паведаміў пра здарэнне ў райаддзел міліцыі, і на месца выехалі следча-аператыўная і пошукавая групы.
Падазраванага затрымалі праз паўтары гадзіны каля чыгуначнай станцыі Кацуры Калінкавіцкага раёна Гомельшчыны — за тры кіламетры ад вёскі Мышанка. Выявілася, што гэта 50-гадовы жыхар Лельчыцкага раёна, раней неаднаразова судзімы за крадзяжы з крамаў. Ён, дарэчы, толькі 19 жніўня выйшаў на волю. У мужчыны восем судзімасцяў, агульны турэмны "стаж" яго складае 23 гады.
На затрыманага пачалі крымінальную справу за напад на супрацоўніка міліцыі. Паведамляецца, што мужчына прызнаўся ў тым, што мае дачыненне да крадзяжоў з крамаў у вёсках Пціч і Муляроўка, а таксама да шэрагу крадзяжоў ровараў на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна.