У Пінску разбураюць гістарычнае габрэйскае прадмесце

У Пінску пачалося разбурэнне гістарычнага прадмесця Каралін (“Карлін”). Каралін стаяў тут з XVII ст., адсюль паходзяць хасідызм, сусветна вядомыя палітыкі і заснавальнік Microsoft.
А цяпер Каралін саступіць месца будынкам Палескага ўніверсітэта са шклабетону.

Некалькі дамоў ужо разбурылі. Можа, яны і не ўяўляюць архітэктурнай каштоўнасці, аднак з будаўнічымі працамі знішчаецца цэлы кавалак гарадской забудовы XIX-XX ст. І знікае стары габрэйскі дух горада.

Каралін займае даволі вялікую плошчу. У савецкі час яго значна скарацілі, пазносіўшы старыя камяніцы і набудаваўшы шматпавярховікаў, абкладзеных пліткай “кабанчык”.

Мясцовая габрэйская грамада спрабавала і спрабуе рабіць захады па захаванню прадмесця, аднак на актыўныя дзеянні не адважылася. Былі накіраваныя звароты да ўладаў усіх узроўняў. На гэтыя звароты актывісты атрымалі абяцанні, што руйнаваць будуць, але кропкава і акуратна. І вось цяпер “кропкава” зруйнавалі невялікі квартальчык.

Прытым гарадскія ўлады заяўляюць пра імкненне развіваць турызм у Пінск. “Хто паедзе глядзець на шматпавярховікі з бетону? Вы паехалі б?” – пытаецца былы дэпутат пінскага гарадскога савету Віктар Ярашук: “Калі бачыш, як бурацца дамы “Карліна”, то не разумееш людзей, якія далі загад. Гэты раён мае такую даўнюю гісторыю, у гэтых будынках можна было зрабіць кавярні, сувенірныя лаўкі, рамесныя майстэрні. Усяго гэтага няма ў Пінску. Да нас прыязджаюць з усяго свету габрэі, палякі. Калі ласка, развівайце настальгічны турызм”.

Крыніца Еўрарадыё ў гарадской уладзе паведаміла, што на рэканструкцыю гістарычных камяніц папросту няма грошай. Нашмат танней выбудаваць сучасныя і функцыянальныя  гмахі са шклабетону. Тым больш што горад ужо атрымаў на гэта грошы.

Гісторыя Караліну ад Еўрарадыё:
У 1690 г. пінскі стараста Ян Караль Дольскі заснаваў пад Пінскам прадмесце Каралін і запрасіў туды жыць заможных габрэяў. Тут з’явіліся сінагогі, школы, крамы, склады, пуні. Кемлівыя каралінцы выпрасталі русла Прыпяці каналам Струмень і пачалі перахопліваць грузы і тавары, якія ішлі з боку Дняпра. З часам па таваразвароце і даходах насельніцтва Каралін пераўзыйшоў Пінск.

У прадмесці нарадзіліся, жылі, вучыліся сусветна вядомыя людзі: першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, прэм’ер-міністар Ізраілю Голда Мэір, нобелеўскі лаўрэат у галіне эканомікі Сайман Кузнец, трэнер чэмпіёна свету па шахматах Анатоля Карпава Сямён Фурман, продкі аднаго з заснавальнікаў кампаніі Майкрасофт Cтыва Балмара. Перадмесце Карлін -  святыня для габрэяў-хасідаў, адсюль у XVIII ст. пачала развівацца гэта рэлігійная плынь.

Здымкі аўтара









Гэтыя камянічкі пойдуць пад знос



А вось гэтую ўжо "абезгаловілі"









За разбуранымі камяніцамі - гмах Палескага ўніверсітэту. Нагадвае звыклы шматпавярховік.



Праект інтэрната на месцы Караліна



Савецкая забудова Караліна таксама не адрозніваецца вытанчанасцю



Старасвецкая Пінская сінагога, адноўленая вернікамі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі