У полацкім Сафійскім саборы правялі цырымонію прыёму ў БРСМ
Сафійскі сабор у Полацку / sbarybelarus.wordpress.com
15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, у Сафійскім саборы ў Полацку адбылася цырымонія прыёму ў БРСМ. Фота з цырымоніі апублікавала дзяржаўная газета "Витебские вести" ад 17 сакавіка, перадае Радыё "Свабода".
У цырымоніі прынялі ўдзел мясцовыя чыноўнікі, у тым ліку старшыня райвыканкаму Ігар Марковіч, начальнік упраўлення адукацыі райвыканкаму Ірына Драздова, намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадрах Аляксандр Гарноўскі, старшыня раённай арганізацыі "Белай Русі" Ірына Дзямінава.
Падчас цырымоніі, як паведамляецца, школьнікі развіталіся з піянерскімі гальштукамі і ўрачыста ўступілі ў шэрагі БРСМ.
Сафійскі сабор у Полацку — самы стары хрысціянскі храм у Беларусі, гэта нацыянальная і рэлігійная святыня Храм быў пабудаваны ў сярэдзіне ХІ стагоддзя, узарваны паводле загаду Пятра І і пабудаваны нанова. У 1920-я яго зачынілі камуністы, зрабіўшы спярша склад, потым — архіў, а потым — канцэртную залу. Будынак дагэтуль належыць дзяржаве, але святарам БПЦ перыядычна дазваляюць правесці там набажэнствы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.