У Полацку затрымалі актывіста Свабоднага прафсаюзу Віктара Стукава
У полацкім офісе Свабоднага прафсаюзу Беларускага увечары 24 сакавіка прайшоў ператрус. Як перадае Радыё Свабода, супрацоўнікі міліцыі выклікалі актывіста СПБ Віктара Стукава, заявіўшы, што ў офісе могуць захоўвацца скрадзеныя рэчы. Ператрус быў хуткім, рэчаў, якія фігуруюць у крымінальнай справе наконт крадзяжу ў кватэры па вуліцы Гагарына, у офісе не знайшлі.
Пасля ператрусу Віктара Стукава забралі ў Полацкі РАУС, другога прафсаюзнага актывіста, Міколу Шараха, не пусцілі да калегі ў якасці прадстаўніка. Аднак спадару Шараху паведамілі, што Стукава затрымліваюць з прычыны таго, што ён нібыта лаяўся матам падчас ператрусу.
На думку Шараха, затрыманне звязанае з акцыяй да Дня Волі. Гэтае меркаванне пацвярджаюць апошнія падзеі: у Полацку затрымалі праваабаронцу Юрыя Бельскага і яшчэ некалькіх чалавек, якія раніцай выправіліся на Дзень Волі ў Мінск.