У Польшчы баяцца ўкраінскіх мігрантаў, а Літва прапануе санкцыі
Як у Еўрасаюзе рэагуюць на падзеі ў Кіеве?
Еўрарадыё прасачыла, як у Еўрасаюзе адрэагавалі на кіеўскія падзеі. Кіраўніца знешнепалітычнага ведамства Еўрасаюза Кэтрын Эштан асуджае гвалтоўную эскалацыю канфлікту, а кіраўнік літоўскага МЗС Лінас Лінкявічус і ўвогуле заклікае да радыкальных крокаў.
“Жорсткі сцэнар, які разгарнуўся на Еўрамайдане, заклікае да адзінай рэакцыі ЕС. Заклікі да дыялога неэфектыўныя. Надышоў час адрасных санкцый”, — напісаў палітык у Twitter.
Палякі таксама пільна сочаць за тым, што адбываецца за ўсходняй мяжой. Прэм’ер Польшчы Дональд Туск выказвае непакой і абяцае абмеркаваць сітуацыю ва Украіне са старшынёй Еўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу. Еўрадэпутат Марэк Сівец раіць адступіць і ўладам, і апазіцыі, каб Кіеў не стаў “новым Цяньаньмэнем”. У той час як былы шэф Агенцтва ўнутранай бяспекі Анджэй Барцікоўскі тлумачыць, якія пагрозы ва ўсёй гэтай сітуацыі ўзнікаюць для Польшчы.
Андрэй Барцікоўскі: “Польскія спецслужбы аналізуюць развіццё падзей. Сапраўднай жа пагрозай з’яўляецца некантраляваная хваля эміграцыі і да гэтага сцэнара, на ўсякі выпадак, трэба быць гатовымі”.
Калі раней агучваліся нейкія магчымыя сцэнары, то цяпер, пасля навінаў аб першых забітых, складваецца ўражанне, што СМІ і аналітыкі пазбягаюць нейкіх дакладных прагнозаў — нешта прадказаць складана. У той жа час аб намерах прэзідэнта Віктара Януковіча застаецца толькі здагадвацца, бо яго публічныя выступы становяцца ўсё больш рэдкімі.
“Ён рэгулярна сустракаецца толькі з 6-7 чалавекамі. Гэта небяспечная сітуацыя: ён мае шчыльную групу вакол сябе і залежыць толькі ад іх рэкамендацый. Ён не бачыць сітуацыю вакол”, — адзначае ў інтэрв’ю Reuters кіраўнік аналітычнага цэнтра Berta Communications Тарас Беразавец.
Цікава, што іншы ўкраінскі аналітык, Уладзімір Фясенка, 21 студзеня выказаў меркаванне, што ўкраінскія ўлады могуць чакаць некалькіх смярцей, нават выпадковых. Гэта дасць ім магчымасць развязаць рукі і апраўдаць свае жорсткія дзеянні. У той жа час рукі дэманстрантаў ад сёння, наадварот, будуць “завязвацца”. Як нагадвае Deutsche Welle, з 22 студзеня пачынаюць дзейнічаць новыя законы, згодна з якімі могуць быць арыштаваныя асобы ў масках альбо шлемах, а тыя, хто блакуе доступ да публічных будынкаў, могуць атрымаць да пяці гадоў зняволення. Падводзячы вынік, нямецкае выданне піша, што ва ўкраінскім канфлікце “не бачна ні канца, ні краю”.
Фота: kyivpost.com