У Польшчы памёр палітуцякач, яшчэ ў верасні яго затрымлівалі ў Беларусі
Дзяніс Швыркін
У Польшчы памёр палітуцякач з Беларусі. Сябры кажуць, што ў 42-гадовага гродзенца Дзяніса Швыркіна не вытрымала сэрца.
Швыркін — юрыст, прадпрымальнік. У 2020-м быў у камандзе Віктара Бабарыкі. 16 жніўня 2020 года ў Гродне ён агучыў патрабаванні да ўладаў на шматтысячным мітынгу ў цэнтры горада, быў абраны кіраўніком мясцовага каардынацыйнага савета.
У верасні 2023 года Дзяніса Швыркіна затрымлівалі сілавікі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Яму прызначылі вялікі штраф. Пасля гэтага актывіст і выехаў за мяжу. "Бывай, любімая мая Гародня, да пабачэння, мілая мая Радзіма, — напісаў ён у Facebook. — Я веру, што мы яшчэ ўбачымся. А пакуль цяжка. Вельмі-вельмі цяжка...".
Уначы 24 верасня Швыркін раптоўна памёр.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.