У Польшчы прэзентавалі невядомы дагэтуль катынскі дакумент

8 студзеня ў Варшаве прэзентавалі невядомы дакумент, які тычыцца катынскай справы. Яго знайшла ў амерыканскіх архівах даследчыца польскага паходжання Крысціна Пюркоўская.

“Гэта дзіўна, колькі высілкаў прыклалі некаторыя асобы, каб праўда была зафіксаваная. І дзякуючы гэтым дакументам, якія сёння прэзентуюцца, даведваемся пра чарговыя прозвішчы і чарговыя пацвярджэнні, што гэтыя дакументы пры пэўных умовах павінны быць знойдзеныя”, — адзначае польскі міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Багдан Здраецкі.

А Цэнтр польска-расійскага дыялога і паразумення, які ладзіў прэзентацыю, паведаміў журналістам, што дакумент уяўляе сабой “сухую” справаздачу з паказанняў амерыканскага падпалкоўніка Джона Ван Вейта.

Цэнтр польска-расійскага дыялога і паразумення: “Падпалкоўнік Ван Вейт, знаходзячыся ў нямецкім палоне, трапіў у Смаленск у складзе групы з 8-мі ваеннапалонных з ЗША і Вялікабрытаніі. Для немцаў было важна шырока паведаміць пра савецкае злачынства, выкарыстоўваючы таксама ваеннапалонных з альянсу”.

У тэксце ўсплываюць і тры прозвішчы брытанскіх палонных, якія, відавочна, маглі даваць такія ж паказанні, як і Ван Вейт. Але знайсці іх не так і проста — шукаць інфармацыю пра Катынь у брытанскіх архівах дагэтуль не дазволена, кажа даследчыца Крысціна Пюркоўская. Яна лічыць, што раней Лондан і Вашынгтон маглі хаваць скандальныя падрабязнасці забойства пад Катынню, каб не абвастраць і так напружаных адносінаў з СССР, які не прызнаваў сваёй віны. Цяпер жа Пюркоўская заклікае брытанскія ўлады адкрыць дакументы.

Акрамя пошукаў дакументаў у Брытаніі і ЗША, Цэнтр польска-расійскага дыялога і паразумення шукае і дакументы звязаныя з Беларуссю. Пакуль не вельмі ўдала. Эксперт цэнтра, гісторык Мацей Вырва распавёў аб працы па рэканструкцыі “беларускага катынскага спіса”.

Мацей Вырва: “Цяпер стараемся сабраць усе магчымыя крыніцы інфармацыі і робім біяграфіі, якія і трэба праверыць і ідэнтыфікаваць. Цяпер 97 біяграфій на нашым сайце, да канца красавіка, а можа і раней, апублікуем наступныя 700 біяграфій”.

Гісторык удакладняе, што “беларускім катынскім спісам” польскія навукоўцы называюць спіс асобаў, якія трымаліся ў турмах на тэрыторыі Беларусі, і якія паводле катынскага рашэння былі расстраляныя.

Фота: mkidn.gov.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі