Расія ўнесла Брэсцкую крэпасць у папярэдні спіс ЮНЕСКА

Брэсцкая крэпасць

Брэсцкая крэпасць / pixabay.com

У папярэдні спіс ЮНЕСКА ўнесеная Брэсцкая крэпасць. Гэта азначае, што аб'ект афіцыйна становіцца кандыдатам на ўнясенне ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Як піша "Наша Ніва", заяўку для расійска-беларускай транснацыянальнай намінацыі "Мемарыялы героям Вялікай Айчыннай вайны: Брэсцкая крэпасць і Мамаеў курган" падрыхтавалі ў Расійскім навукова-даследчым інстытуце культурнай і прыроднай спадчыны імя Д. С. Ліхачова. Праца вялася ва ўзаемадзеянні з мемарыяльным комплексам "Брэсцкая крэпасць-герой" і Дзяржаўным гісторыка-мемарыяльным музеем-запаведнікам "Сталінградская бітва".

Беларусь ужо мае шэсць такіх аб'ектаў. У 2004 годзе туды былі ўключаныя Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, культавыя збудаванні абароннага тыпу ў Беларусі, Польшчы і Літве, Драўляныя цэрквы Палесся.

Большасць аб’ектаў у беларускім папярэднім спісе — гэта транснацыянальныя серыйныя намінацыі з помнікамі адразу ў некалькіх краінах. Згодна з распаўсюджаным меркаваннем, Камітэт сусветнай спадчыны больш пазітыўна ставіцца да заявак, якія дэманструюць трансгранічнае культурнае супрацоўніцтва паміж краінамі.

У "НН" згадваюць, што Брэсцкую крэпасць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА спрабавалі ўключыць з 2004 года. Тады для заяўкі было складзена дасье на трансгранічныя фартыфікацыйныя збудаванні XIX — пачатку XX стагоддзя. Але ў 2016-2017 гадах крэпасць знікла з папярэдняга спісу ЮНЕСКА. Магчыма, прычынай стала ўзвядзенне ваенных манументаў на тэрыторыі крэпасці ў савецкі час. А да 2021 года ў ЮНЕСКА дзейнічаў мараторый на ўнясенне ў Спіс аб'ектаў, звязаных з падзеямі ваеннай гісторыі. Адзіным выключэннем быў былы канцлагер "Аўшвіц" (Асвенцім).

Пасля таго, як мараторый знялі, Брэсцкую крэпасць уключылі ў папярэдні спіс як мемарыял Вялікай Айчыннай вайны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі