Важнай кампанентай назваў Пуцін уключэнне Беларусі ў новую ядзерную стратэгію
Уладзімір Пуцін
Важнай кампанентай назваў Уладзімір Пуцін уключэнне Беларусі ў абноўленую ядзерную стратэгію РФ. Заява прагучала падчас прамой лініі 19 снежня.
Паводле яго, пагрозы рэжыму Лукашэнкі Крэмль будзе разглядаць як пагрозы сабе.
"Мы абвясцілі аб тым, што калі такія ж пагрозы будуць стварацца для нашага саюзніка, члена Саюзнай дзяржавы, для Беларусі, то Расійская Федэрацыя будзе гэта разглядаць гэтак жа, як стварэнне аналагічных пагроз для самой Расіі. І мы зробім усё, каб гарантаваць бяспеку Беларусі. Гэта мы робім па ўзгадненні з беларускім кіраўніцтвам, з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. І я думаю, што гэта вельмі важная кампанента абноўленай ядзернай стратэгіі Расійскай Федэрацыі", — заявіў Пуцін.
Пра змены ў расійскай ядзернай дактрыне стала вядома сёлета ў верасні. Тады Пуцін заявіў, што РФ можа ўжыць ядзерную зброю пры пагрозе мінскаму рэжыму. Ён падкрэсліў, што з Лукашэнкам гэтыя пытанні ўзгодненыя.
6 снежня Лукашэнка і Пуцін падпісалі дамову пра ўзаемныя гарантыі бяспекі. Паведамлялася, што ў гэтым дакуменце ёсць пункт пра ядзерную зброю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.