У Польшчы сумняюцца, што маршал Ракасоўскі нарадзіўся ў Беларусі
Метрыка маршала Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага не даказвае, што ён нарадзіўся ў Беларусі. Такое меркаванне агенцтву РІА "Новости" выказала польская даследчыца біяграфіі палкаводца Вольга Дабжаньска.
Як распавядала Еўрарадыё, нядаўна ў Нацыянальным гістарычным архіве знайшлі метрыку, з якой вынікала, што Канстанцін Ракасоўскі нарадзіўся ў мястэчку Целяханы Пінскага павета Мінскай губерні (сёння Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Там гаворыцца, што будучы палкаводзец нарадзіўся 3 (15) верасня 1889 года. А 4 (16) верасня 1889 года яго хрысцілі ў Свята-Троіцкай Целяханскай царкве.
Сам маршал у розныя гады ў сваіх аўтабіяграфіях называў месцам свайго нарадэжння то Варшаву, то Вялікія Лукі пад Псковам. І нават год нараджэння ён называў па-рознаму — то 1894, то 1896.
"Месца нараджэння маршала Ракасоўскага так і застаецца невядомым. Целяханы — гэта ўжо трэцяе месца, дзе ён нарадзіўся", — пракаментавала Дабжаньска архіўную знаходку. Яна заявіла, быццам Канстанцін Ракасоўскі мог нарадзіцца ў Варшаве, а потым яго павезлі хрысціць у Целяханы, на радзіму маці.
Варта, аднак, звярнуць увагу, што хрысцілі Ракасоўскага на наступны дзень пасля нараджэння. Наўрад ці немаўля і парадзіху так хутка павезлі б з Варшавы ў далёкае мястэчка.
Дабжаньска адзначыла, што і раней існавалі меркаванні, што Ракасоўскі быў пры нараджэнні ахрышчаны ў праваслаўную веру. "Яго маці была праваслаўнай, і ў Расійскай імперыі былі такія правілы: дзіця павінна было быць ахрышчанае ў праваслаўе, нягледзячы на тое, што яго бацька быў католікам", — дадала яна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.