У Польшчы за апошнія 14 месяцаў затрымалі 22 шпіёнаў з Беларусі і Расіі

Колькі сярод затрыманых беларусаў, польскія ўлады не гавораць / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Колькі сярод затрыманых беларусаў, польскія ўлады не гавораць / ілюстрацыйнае фота pixabay.com

У Варшаве адзначаюць узмацненне прысутнасці беларускіх і расійскіх спецслужбаў. Пра гэта заявіў статс-сакратар канцылярыі прэм'ер-міністра, намеснік каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын. Гэта "пацвярджаецца хоць бы лічбамі — за апошнія 14 месяцаў мы затрымалі агулам 22 шпіёнаў з Беларусі і Расіі", сказаў ён.

Расіяне, паводле ягоных слоў, "спрабуюць пранікнуць у Польшчу ў вялікім маштабе і набіраюць новых людзей". Жарын нагадаў, што мінулай вясной Варшава выслала з краіны 45 супрацоўнікаў расійскіх дыппрадстаўніцтваў, якія праводзілі на тэрыторыі краіны разведвальныя аперацыі. Цяпер "Крамлю давялося шукаць новы спосаб дзеянняў. Тыя людзі, якіх мы затрымлівалі ў апошнія месяцы, былі праявай менавіта гэтага", сказаў Жарын.

Нагадаем, у сакавіку стала вядома пра затрыманне ў Польшчы групы людзей, якіх падазравалі ў шпіянажы на карысць Расіі. Усяго затрымалі 15 чалавек. Гэта грамадзяне Беларусі, Расіі і Украіны. Днямі Gazeta Polska напісала, што гэтыя людзі планавалі падрываць цягнікі са зброяй і гуманітарнай дапамогай для Украіны.

Яшчэ двух беларусаў, якіх падазраюць у шпіянажы, судзяць у Познані. Мужчыны прыехалі ў Польшчу працаваць кіроўцамі. У пракуратуры кажуць, што найбольшую цікавасць у іх выклікалі вайсковыя часці і цывільныя аб'екты на захадзе Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі