У Пскове ў выніку атакі на аэрапорт знішчаныя два Іл-76
Іл-76 / РИА Новости
Паводле папярэдніх звестак, у выніку атакі беспілотнікаў на аэрапорт Пскова знішчаныя два транспартныя самалёты Іл-76, яшчэ чатыры атрымалі пашкоджанні. Пра гэта піша рэсурс Baza. Дагэтуль невядома, колькі беспілотнікаў удзельнічалі ў гэтай атацы. Вядома толькі, што іх спрабавалі збіць як з дапамогай СПА, так і са стралковай зброі. Губернатар вобласці Міхаіл Вядзернікаў ноччу казаў, што "паводле папярэдніх ацэнак нічога сур'ёзнага".
Шэсць дронаў, нагадаем, налічылі гэтай ноччу ў Бранскай вобласці. Адзін з іх упаў на тэрыторыю завода "Крэмній ЭЛ", пачаўся пажар. Гэты завод выпускае мікраэлектроніку і пераважна для абаронных прадпрыемстваў. Пад раніцу губернатар рэгіёну Аляксандр Багамаз яшчэ паведаміў, што абломкі беспілотніка пашкодзілі будынак СК, а два іншыя спрабавалі атакаваць тэлевежу.
Завод з-за атакі беспілотнікаў гарэў мінулай ноччу і ў Калужскай вобласці. З розніцай у паўгадзіны два БПЛА ўпалі на тэрыторыі НПЗ у Дзяржынскім раёне — гэта найбуйнейшае нафтахімічнае прадпрыемства вобласці. Трэці беспілотнік упаў у раёне вёскі Пішчалава, там утварылася варонка 7 метраў у дыяметры.
Яшчэ два беспілотнікі гэтай ноччу збілі недалёка ад аэрадрома Дзягілева ў Разанскай вобласці. Беспілотнікі збівалі і ў Арлоўскай, і ў Маскоўскай абласцях, а таксама ў акупаваным Севастопалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.