У Рагачове судзяць мужчыну, які збіў падлетка падчас дваровага футбола

У Рагачове судзяць мужчыну, які збіў падлетка падчас дваровага футбола

У Рагачове 23 студзеня пачаўся суд над мужчынам, які збіў 12-гадовага падлетка, піша tut.by

Здарэнне адбылося на пачатку верасня 2018 года. Даніла Куцэнка (цяпер хлопчыку ўжо 13 гадоў) пасля дваровага футбола апынуўся ў лякарні. У яго дыягнаставалі сінякі і ўдары на скроні, на ілбе, шыі, ключыцы, лапатцы, паясніцы. А пазней неўролаг выявіў у школьніка вострую рэакцыю на стрэс.

Абвінавачаным па справе аб хуліганстве праходзіць 41-гадовы Дзмітрый Шаўчэнка. Паводле матэрыялаў следства, мужчына на спартовай пляцоўцы з надуманай падставы ўдарыў хлопчыка так, што той паваліўся, пасля чаго працягнуў яго збіваць рукамі і нагамі. Потым ён падняў падлетка і кінуў на зямлю і два разы стукнуў галавой аб спартовую пляцоўку. 

Абвінавачаны сваю віну прызнае толькі часткова. Па яго словах, падчас дваровага футбола Даніла Куцэнка стукнуў па назе і ў жывот ягонага дзевяцігадовага сына. "Я падышоў да хлопца і ўзяў яго за плячо. Ён вырваў яго. Тады я схапіў яго за шыю. Хлопчык сціснуў плечы і ўпаў на пакрыццё (...) Ён стаў крычаць: "Дзядзечка, прабачце, я не хацеў! Не біце мяне!" Я нахіліўся, каб яго падняць, у гэты час падышоў Краўчанка (сябар Шаўчэнкі, з якім ён прыйшоў на пляцоўку) і папрасіў, каб мы сышлі: маўляў, гэта ўжо не футбол. Мы забралі сваіх дзяцей з пляцоўкі і сышлі", — распавядае мужчына. Па яго словах, ён не біў хлопчыка ні рукамі, ні нагамі. 

Шаўчэнка кажа, што ў той дзень выпіў 100 грамаў гарэлкі і паўлітра піва, але пасля футбола.

У сваю чаргу пацярпелы сямікласнік кажа, што ягоная каманда ў той дзень забівала ў браму Шаўчэнкі адзін гол за другім і гэта злавала мужчыну. Па назе сыну абвінавачанага ён трапіў незнарок падчас гульні. 

"Быў вырашальны гол, перад тым як яго забіць, я падводзіў мяч да брамы — і Шаўчэнка мне сказаў нецэнзурнай лаянкай, што калі я заганю, то ён мяне заб'е. У метрах 3-4 ад варот я замахнуўся, каб ударыць па мячы, і тут бег яго сын (я тады яшчэ не ведаў, хто гэта) — і я даў яму па назе", — апісвае школьнік падзеі пяцімесячнай даўнасці.

Пасля забітага гола, кажа Даніла, мужчына на яго і напаў са спіны. Хлопчык упэўнены, што мужчына быў п'яны яшчэ падчас футбола. 

Сведкі — хлопчыкі і дзяўчынкі, якія тады былі на пляцоўцы — таксама пацвердзілі ў судзе, што ім было страшна ад паводзінаў Шаўчэнкі. 

"Спачатку ён запусціў у яго мячом, але не пацэліў, а потым напаў", — кажа сямікласнік Максім. Ён заявіў, што Шаўчэнка збіваў падлетка пасля таго, як той паваліўся на зямлю. 

Абвінавачаны заяўляе, што ўсе паказанні дзяцей-сведкаў — абгавор, бо яны вучацца ў адным класе. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі