У Расіі хочуць забараніць канцэрты Івана Дорна

Скандальна вядомы пецярбургскі дэпутат Віталь Мілонаў прапанаваў забараніць ратацыю кліпаў і песень Івана Дорна на расійскіх тэле— і радыёканалах. Таксама ён лічыць, што трэба забараніць выступы Дорна ў Расіі. Такую рэакцыю парламентарыя выклікаў выступ украінскага спевака на конкурсе "Новая хваля". У Юрмале музыка праспяваў кавер-версію песні "Танец пінгвіна" гурта "Скрябін" на ўкраінскай мове, пры гэтым надзеўшы цішотку з гербам Украіны і запрасіўшы на падтанцоўку хлопцаў у вобразе барадатых жанчын.


"Натуральна, што такія людзі, як Дорн, пасля такой выхадкі могуць спяваць у Львове, Івана-Франкоўску, дзе заўгодна, але толькі не ў Расіі. У Расіі спевакі, якія ўхваляюць забойцаў, спяваць не будуць, выступаць не будуць, ні капейкі зарабляць тут не будуць", — сказаў Мілонаў у інтэрв'ю аднаму з расійскіх выданняў.


Яшчэ большы гнеў Мілонава выклікала падтрымка Дорна лідарам ўкраінскіх нацыяналістаў Алегам Цягнібокам, які  на сваёй старонцы ў фэйсбуку напісаў, што "не думаў, што калі-небудзь выкажа рэспект Дорну". Мілонаў назваў гэта "чарговым крокам да еўраінтэграцыі спевака" і прадрок яму новы "барадата-жаночы" вобраз і публічную аб'яву пра сваю сэксуальную арыентацыю.


Нагадаем, напярэдадні "Новай хвалі" латвійскі ўрад забараніў уезд у краіну расійскім зоркам Алегу Газманаву, Іосіфу Кабзону і Валерыі за іх актыўную пазіцыю наконт "расійскага Крыму".

Паводле lenta.ru

Фота: glamurchik.tochka.net, vk.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі