У Расіі мабілізаваны пяць разоў уцякаў з вайсковай часці
Мабілізаваныя расіяне, ілюстрацыйнае фота
Мабілізаваны расіянін пяць разоў збягаў з вайсковай часці. У выніку яму прысудзілі рэальны тэрмін, піша Baza.
30-гадовы масквіч да абвяшчэння так званай частковай мабілізацыі, якая адбылася ўвосень 2022-га, працаваў зваршчыкам. Ён ужо адслужыў тэрміновую службу ў часцях СПА і нядоўга служыў паводле кантракта. Атрымаўшы позву, мужчына не вагаючыся пайшоў у ваенкамат.
Спачатку яго адправілі на вучэнні ў Пецярбург, потым ненадоўга вярнулі ў часць, а адтуль эшалонам павезлі ў прыфрантавую Белгародскую вобласць.
У ваенкамаце масквічу казалі, што мабілізаваных адпусцяць дадому пасля трох месяцаў вучэнняў. Калі гэтага не адбылося, ён уцёк: узяў таксоўку і паехаў дадому. Ён хаваўся на арандаванай кватэры з дзяўчынай, але там яго неўзабаве знайшлі вайскоўцы і забралі яго назад у часць. Паводле бацькоў масквіча, здала яго дзяўчына.
У кастрычніку мужчына зноў уцёк з часці і схаваўся дома, там яго знайшла вайсковая паліцыя. У студзені масквіч уцёк трэці раз, але вярнуўся ў часць пасля ўгавораў маці.
Праз месяц ён зноў уцёк, хаця яго трымалі ў нейкім спецыяльным пакоі. Паведамляецца, што перад уцёкамі мужчына прыкаваў днявальнага да батарэі. Злавілі яго праз некалькі месяцаў у адной з вёсак, калі ён саджаў гуркі. Спярша ён уцёк ад вайсковай паліцыі нават у вёсцы, але уначы вярнуўся ў дом, а там яго чакала засада.
Чарговы раз ён уцёк у Маскве: папрасіўся ў прыбіральню — і выскачыў праз акно. Ён узяў таксоўку, але на выездзе з Масквы яе спынілі інспектары ДАІ. Дакументаў у мужчыны не было, але яго знайшлі ў базе вышуку і вярнулі ў часць.
17 верасня ваенны суд прызначыў яму 7,5 года калоніі агульнага рэжыму. Масквіч плануе аспрэчваць прысуд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.