У Расіі назвалі верагодную прычыну крушэння Ан-148
Крушэнне самалёта Ан-148 пад Масквой магло адбыцца праз няправільныя даныя пра хуткасць палёту з прычыны абледзянення датчыкаў.
Да такой высновы прыйшлі спецыялісты Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта (МАК) пасля таго, як расшыфравалі звесткі бартавога параметрычнага самапісца ("чорнай скрыні").
Як паведамляюць расійскія СМІ, праз дзве з паловай хвіліны пасля адрыву ад зямлі на вышыні амаль 1300 метраў і пры хуткасці каля 470 кіламетраў за гадзіну пачалася "асаблівая сітуацыя". У гэты момант з'явіліся разыходжанні ў паказаннях прыбораў. Хутчэй за ўсё, памылка ў паказаннях з'явілася ў выніку абледзянення прыймача поўнага ціску пры выключаных сістэмах ацяплення.
Самалёт Ан-148 "Саратаўскіх авіялініяў" пацярпеў крушэнне 11 лютага. Ён накіроўваўся з маскоўскага аэрапорта Дамадзедава ў Орск Аранбургскай вобласці. Загінуў 71 чалавек, які быў на борце самалёта, у тым ліку шэсць чальцоў экіпажу.