У расійскім Туапсэ гарэў НПЗ, кажуць пра атаку беспілотніка
Пажар на НПЗ у Туапсэ
У горадзе Туапсэ (Краснадарскі край Расіі) ноччу здарыўся буйны пажар на нафтаперапрацоўчым заводзе — гарэла "вакуумная ўстаноўка на тэрыторыі НПЗ", кажа кіраўнік раёна Сяргей Бойка. Паводле яго слоў, папярэдне ніхто не пацярпеў. Па дадзеных агенцтва "Інтэрфакс", агонь распаўсюдзіўся на 200 квадратных метраў. Ліквідацыяй узгарання займаліся каля 100 чалавек і больш за 30 адзінак тэхнікі. Да раніцы пажар патушылі.
Тэлеграм-канал Baza піша, што пажар пачаўся пасля ўдару беспілотніка. Афіцыйна расійскія ўлады гэтую інфармацыю пакуль не пацвердзілі, але ў аэрапорце суседняга Сочы гэтай ноччу ўводзіліся часовыя абмежаванні, аэрапорт не выпускаў і не прымаў самалёты. Па дадзеных шэрагу расійскіх медыя, у сочынскім аэрапорце ўводзілі план "Дыван" з-за пагрозы нападу беспілотніка.
Пазней стала вядома аб яшчэ адным вялікім пажары ў Росіі — у Краснаярскім краі загарэўся цэх па вытворчасці аэралодак. Па дадзеных тэлеграм-канала SHOT, агонь ахапіў больш за 1700 квадратаў. 40 чалавек выбеглі з будынку, ратуючыся ад пажару.
Беспілотнікамі, а таксама ракетамі гэтай ноччу былі атакаваны і ўкраінскія гарады. Расіяне выпусцілі па тэрыторыі суседняй краіны 14 ударных дронаў тыпу Shahed-136/131, а таксама 4 кіраваныя ракеты С-300, піша Hromadske са спасылкай на Паветраныя сілы УСУ. Ракеты былі накіраваны на Харкаў і адну з акупаваных частак Данбаса.
Паветраныя сілы Украіны знішчылі 11 беспілотнікаў — яны знаходзіліся ў межах Адэскай і Мікалаеўскай абласцей. Але ёсць і трапленні. У прыватнасці, у Адэсе трапілі ў прамысловы аб'ект. Таксама ёсць пашкоджанні жылых дамоў і грамадзянскай інфраструктуры. Вядома аб двух пацярпелых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.