У Расонскім раёне знайшлі цела заблукаўшай пенсіянеркі
Увечары 22 верасня знайшлі цела пенсіянеркі, якая сышла ў лес па ягады яшчэ 18 верасня. Жанчына не вярнулася дадому, на яе пошукі накіраваліся ратавальнікі і супрацоўнікі міліцыі, а таксама жыхары вёскі, дзе яна жыла. Пра гэта паведамілі ў Віцебскім УУС.
Прычына смерці жанчыны цяпер усталёўваецца.
Праваахоўнікі павеламляюць, што для таго, каб пазбегнуць непрыемнасцяў у лесе, рэкамендуецца перад паходам ўзяць свісток, папоўніць баланс сотавага тэлефона, а таксама праверыць зарад батарэі. Ўзяць з сабой компас, запалкі, нож, невялікі запас вады і прадуктаў, медыкаменты. Апрануцца варта ў яскравае, па дарозе запамінаць як мага больш прадметаў.
Калі вы зразумелі, што заблукалі, не варта панікаваць, а падумаць, адкуль прыйшлі, і прыслухацца да шуму, пры магчымасці залезці на высокае дрэва і агледзецца. Калі ведаеце, што вас будуць шукаць, лепш застацца на месцы і развесці вогнішча.
Фота: gazetairkutsk.ru