У Раўбічах Лукашэнка страляў з імянной біятлоннай вінтоўкі за 3000 еўра
Лукашэнка з вінтоўкай ANSCHÜTZ 1827 F Biathlon Comfort / Скрын з відэа "Пула первого"
16 лютага Аляксандр Лукашэнка вырашыў "нечакана" перанесці сваю трэніроўку ў спарткомплекс "Раўбічы". Мэтай кіраўніка Беларусі было паглядзець, як там рыхтуюцца да чэмпіянату Еўропы па біятлоне-2020.
Звязаны з адміністрацыяй прэзідэнта телеграм-канал "Пул першага" апублікаваў відэа з трэніроўкі. Лукашэнка катаецца на лыжах, а потым страляе па мішэнях. На кадрах бачна, што на лыжні ў яго няма вінтоўкі за спінай — ён атрымлівае яе ўжо на агнявым рубяжы.
Журналісты сайта Reform.by заўважылі, што ў кіраўніка дзяржавы — добрая прафесійная вінтоўка ANSCHÜTZ 1827 F Biathlon Comfort. Кошт такіх вінтовак пачынаецца ад 3000 еўра. На прыкладзе выгравіраваныя прозвішча і ініцыялы "Лукашеенко А.Г." — то бок, гэта не выпадковая трэніровачная вінтоўка, а імянная зброя.
Два гады таму на юнацкіх спаборніцтвах "Снежны снайпер" у Раўбічах з падобнай вінтоўкай выступаў малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай. Яго зброя таксама было імянной — з гравіроўкай "Лукашенко Н.А." на прыкладзе.
"Прессбол" піша, што ANSCHÜTZ 1827 F — элітная мадэль біятлоннай вінтоўкі. Спартоўцы называюць яе "Трыюмф хуткасці". У свой час такімі вінтоўкамі карысталіся немцы Рыка Грос, Міхаэль Грайс, Ушы Дызль і Магдалена Нойнер, нарвежац Уле-Эйнар Б'ёрндален, француз Рафаэль Пуарэ.
Аляксандр Лукашэнка расказваў, што дзве біятлонныя вінтоўкі — яму і яго сыну Мікалаю — "прывёз" старшыня КДБ Валерый Вакульчык, які ў свой час узначальваў Федэрацыю біятлона Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.