У райцэнтры, каб адбіць арэнду, трэба прадаць 2,5 кілаграма агуркоў

У Пінску міліцыя разагнала пенсіянераў, якія гандлявалі побач з рынкам. Законам гэта сапраўды забаронена. Побач з рынкам гандляваць нельга, а да пенсіянераў проста заўсёды лаяльна ставіліся, тлумачаць у Мінгандлю.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, як узаконіць сваю дзейнасць і прадаваць агуркі легальна.

Каб гандляваць прадуктамі са свайго агарода, трэба даведка з сельсавета, што ў вас ёсць свой участак, флюараграфія і 7 тысяч, тлумачаць Еўрарадыё на адным з рынкаў Рэчыцы.

Даведка выдаецца на год, у ёй спіс прадуктаў і прозвішчы тых, хто будзе гандляваць.

"Калі гаспадыня бярэ на сябе, а будзе яшчэ гандляваць муж, то павінен быць упісаны туды муж. Уся пералічана прадукцыя, якой вы будзеце гандляваць. Флюараграфія абавязкова павінна быць: раптам чалавек хворы".

Пасля гэтага трэба аднесці агуркі ў лабараторыю на экспертызу. У райцэнтры мінімальная да 10 кілаграм будзе каштаваць 3 тысячы. Агулам мы маем на нашы агуркі тры паперкі, плацім 10 тысяч і можам прадаваць на рынку легальна.

Кілаграм агуркоў у Пінску каштуе каля 4 тысяч, трэба прадаць 2,5 кілаграмы, каб адбіць арэнду і экспертызу. Яшчэ 7,5 прадаём сабе ў прыбытак — 30 тысяч за дзень. Калі штодзень прадаваць 10 кг агуркоў, за месяц можна зарабіць 900 тысяч.

Дзядуля, якога жорстка затрымлівалі ў Пінску, прызнаецца Еўрарадыё, што гандляваў побач з рынкам, бо прадаваў толькі 3 кілаграмы агуркоў, з іх 2,5 пайшло б на тое, каб адбіць выдаткі.

"Тры кілаграмы агуркоў прадаць — гэта аналіз рабіць трэба. А яны па 4 тысячы, а праверка мінімум тры каштуе. Вось і ўвесь прыбытак. Калі вядро ці два збярэцца — тады ўжо на рынак можна".

На мінскай "Камароўцы" агуркі каштуюць 6500. Тут патрэбныя тыя ж дакументы, толькі грошай больш.

"Даведка з выканкама, што ёсць участак, флюараграфія і пасведчанне асобы. Аналіз на прадукты робіце ў нас у лабараторыі. Аналіз дзейнічае на прадукцыю, якую вы прывезлі. Месца на рынку каштуе 50100: сюды ўваходзіць пракат санвопраткі, гандлёвы інвентар, наведванне туалета".

Аналіз партыі агуркоў да 10 кілаграм каштуе 6 тысяч. Каб прадаваць агуркі на "Камароўцы", неабходна 56 тысяч. Каб іх адбіць, трэба прадаць 8,5 кілаграма!

Рэалізацыя тавараў з рук у месцах, забароненых заканадаўствам, караецца штрафам ці папярэджаннем, згодна з Адміністрацыйным кодэксам. Але якія месцы забароненыя заканадаўствам, так і не атрымалася высветліць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі