У Рэчыцы Chrysler Pacifica заехаў у прыпынак, загінулі тры чалавекі (фота)
Яшчэ два чалавекі шпіталізаваныя. Здарэнне адбылося каля 11-й гадзіны ночы.
Як паведамілі Еўрарадыё ў Следчым камітэце, кіроўца Chrysler Pacifica на высокай хуткасці заехаў у прыпынак грамадскага транспарту. Паводле папярэдніх звестак, кіроўца і пасажыры аўто былі п'яныя. Відавочцы кажуць, што аўтамабіль рухаўся па вуліцы Савецкай з хуткасцю 170-180 км/гадз.
Пра здарэнне Еўрарадыё паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.
Крываногава: "19 сакавіка каля 23-й гадзіны кіроўца, кіруючы аўтамабілем Chrysler Pacifica па вуліцы Савецкай, няправільна выбраў хуткасць, не справіўся з кіраваннем, выехаў на правы па руху тратуар, а потым на прыпынак грамдскага транспарту. Пры гэтым кіроўца здзейсніў наезд на пяцярых чалавек, якія знаходзіліся ў раёне прыпынкавага павільёну. Два мужчыны памёрлі на месцы здарэння. Жыхар Рэчыцы 1988 года нараджэння памёр у лякарні. Яшчэ два мужчыны шпіталізаваныя".
Кіроўцу аўтамабіля затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. На яго пачалі крымінальную справу. Пасажыраў "Крайслера" адпусцілі.
Фота — auto.onliner.by