У РФ прызналі гібель ва Украіне камандзіра палка дэсантнікаў з Кастрамы
У Расіі ў мясцовых СМІ з'яўляецца ўсё больш паведамленняў пра загінулых ва Украіне расійскіх вайскоўцаў. На сайце кастрамскога тэлебачання з'явілася інфармацыя пра цэлую групу загінулых байцоў 331-га гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка Узброеных сіл РФ. Журналісты спасылаюцца на абласны ваенкамат. Ва Украіне былі забітыя камандзір часткі палкоўнік Сяргей Сухараў, старшы сяржант Сяргей Лебедзеў, сяржант Аляксандр Лімонаў і яфрэйтар Юрый Дзегцяроў. Таксама загінуў капітан Аляксей Нікіцін, ураджэнец Кастрамы, які служыў у адной з вайсковых частак Анапы і быў адпраўлены на вайну. Губернатар вобласці паабяцаў сваякам загінулых "усебаковую падтрымку".
Мінабароны РФ толькі аднойчы згадала пра страты расійскай арміі ва Украіне — 2 сакавіка было заяўлена пра паўтысячы загінулых. Украінскі бок на сённяшні дзень заяўляе пра 14 тысяч забітых расійскіх вайскоўцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.