У школе з дзяцей збіраюць грошы на Чырвоны Крыж. Ці законна гэта?

У школе з дзяцей збіраюць грошы на Чырвоны Крыж. Ці законна гэта?

З вучняў пятага класу ў мінскай школе №55 вырашылі сабраць "унёсак" для Чырвонага Крыжа. Усяго 90 капеек з кожнага навучэнца. Здавалася б, няшмат, але калі палічыць у маштабах усёй школы, то атрымліваюцца не такія ўжо і маленькія грошы. У Мінску 203 тысячы школьнікаў. Калі з кожнага ўзяць па 90 капеек, то атрымаецца больш за 182 тысячы рублёў.

У школе з дзяцей збіраюць грошы на Чырвоны Крыж. Ці законна гэта?

Наколькі законна збіраць унёскі ў школах, ці з’яўляюцца яны прымусовымі і што рабіць, калі вас прымушаюць здаваць грошы ў школе ці садку?

“Мы любым грошам рады”

Начальніца мінскай Ленінскай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Інга Нікалаева пацвердзіла Еўрарадыё, што цяпер ідзе кампанія ў школах і дзіцячых садках па зборы грошай, але ніякага прымусу тут не можа быць, гэта ўсё цалкам добраахвотна:

"Сапраўды, мы разаслалі прашэнні ў школы і садкі наконт ахвяраванняў у Чырвоны Крыж. Але яны могуць быць толькі па жаданні дзяцей. Ніхто не можа іх прымусіць здаць гэтыя грошы, тым больш што гэта дзеці. Ніякага прымусу не можа быць, гэта нават абурае.

Мы просім здаць нейкія ахвяраванні. Калі людзі выплачваюць членскія ўнёскі, я заўсёды нагадваю, што яны могуць зрабіць і ахвяраванне. Мы любым грошам рады. Толькі ў Ленінскім раёне стаяць на апецы больш за шэсцьсот чалавек, якім патрэбная дапамога".

Что тычыцца сумы ў 90 капеек, то, на думку Інгі Нікалаевай, гэта можа быць рашэннем класа ці настаўніцы, якая збірае гэтыя грошы:

"Адкуль лічба ў 90 капеек, я не ведаю. Магчыма, так вырашылі ў класе, што будуць здаваць менавіта гэтую суму. Магчыма, так вырашыла настаўніца, якая збірае грошы з класа. Але гэтыя ўнёскі цалкам добраахвотныя. Калі размова пра пяты клас, то гэта дакладна не членскія ўнёскі”.

Уступіць у Чырвоны Крыж можна з 16 гадоў, таму членскія ўнёскі могуць спаганяцца толькі з гэтага ўзросту, тлумачыць прадстаўніца арганізацыі.

“Велічыня ўнёску — 10% ад базавай велічыні, калі ты школьнік або студэнт [на сёння базавая велічыня складае 25,5 рублёў, а значыць членскі ўзнос — 2,55 рубля. — Еўрарадыё]. Членскі ўнёсак выплачваецца адзін раз на год", — распавяла Інга Нікалаева.

У школе №55 адмовіліся ад каментароў.

Што рабіць, калі вас прымушаюць здаваць грошы на карысць нейкіх арганізацый?

Калі прымушаюць здаваць грошы ўсіх вучняў школы або класа, то гэта парушэнне прынцып добраахвотнасці ў дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў. У такім выпадку вам варта звярнуцца ва ўпраўленне адукацыі, якое кантралюе выкананне заканадаўства ў школах, альбо ва ўпраўленне юстыцыі, якое кантралюе дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў.

Больш за тое, ніхто не можа быць прымушаны да нейкіх выплат, якія не прадугледжаныя Канстытуцыяй і законам. Кожны самастойна павінен вырашаць пытанне ўнясення грошай у Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа і іншыя дабрачынныя фонды, зыходзячы са сваіх асабістых перакананняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі