У сталіцы Сербіі дэманстранты штурмавалі будынак гарадской адміністрацыі

Падчас штурму ў Бялградзе

Падчас штурму ў Бялградзе / Reuters / Scanpix / LETA

У нядзелю ў сталіцы Сербіі дэманстранты штурмавалі будынак гарадской адміністрацыі, дзе знаходзіцца рэспубліканская выбарчая камісія. Апазіцыя пратэставала супраць імаверных фальсіфікацый на парламенцкіх і мясцовых выбарах. У вулічнай акцыі ў Бялградзе ўдзельнічалі тысячы чалавек. Яны патрабавалі адмяніць вынікі выбараў.

Каля будынка гарадской адміістрацыі адбыліся сутыкненні. Паліцыя ўжыла слёзацечны газ і адціснула пратэстоўцаў, 35 чалавек затрыманыя. Сярод паліцэйскіх ёсць дзясяткі пацярпелых, у дваіх з іх цяжкія траўмы, паведамляе dw.com.

На парламенцкіх выбарах, якія прайшлі 17 снежня, перамагла правячая правапапулісцкая Сербская прагрэсіўная партыя прэзідэнта Аляксандра Вучыча. Паводле агучаных папярэдніх афіцыйных вынікаў, у яе 46,72%. Апазіцыйны альянс "Сербія супраць гвалту" заняў другое месца з 23,56% галасоў.

На наступны дзень міжнародная місія назіральнікаў, якая ўключае прадстаўнікоў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Еўрапарламента і Еўрапейскага савета, паведаміла аб парушэннях на выбарчых участках, у прыватнасці пра выпадкі гвалту, куплі галасоў і ўкіду ў скрыні падробленых бюлетэняў. Міжнародныя назіральнікі заявілі, што партыя Вучыча перамагла, дзякуючы адміністрацыйнаму рэсурсу, ангажаванасці медыяў і парушэнням пры галасаванні. Прэзідэнт Сербіі адхіляе абвінавачванні ў фальсіфікацыі.

Аляксандр Вучыч у тэрміновым тэлезвароце назваў падзеі ў Бялградзе спробай гвалтоўнага захопу дзяржаўных устаноў. Ён сцвярджае, што пратэстоўцы "хочуць дэстабілізаваць дзяржаву", але "ў іх гэта не атрымаецца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі