У Старых Дарогах дэпутата райсавета падазраюць у крадзяжы 1500 літраў бензіну
Дырэктара ААТ "ПМК-73", дэпутата райсавета ў Старых Дарогах падазраюць у шэрагу крадзяжоў, паведамляе прэс-служба УУС Мінаблвыканкама. Як выявілі праваахоўнікі, мужчына запраўляў асабістае аўто бензінам праз карткі прадпрыемства і незаконна налічваў прэміяльныя.
Са студзеня 2016 года па верасень 2017-га дырэктар ПМК праз электронныя карты прадпрыемства заправіў сваё аўто на больш як 1500 літраў бензіну (агульным коштам больш за 1700 рублёў). Дарэчы, паліва фінансавалася за кошт бюджэтных грошай, вылучаных на Дзяржаўную праграму "Развіццё аграрнага бізнэсу Беларусі на 2016-2020 гады".
Таксама ў праваахоўнікаў узніклі пытанні наконт прэміяў на прадпрыемстве. Са снежня 2016 года кіраўнік ПМК, парушаючы заканадаўства, выплачваў сабе прэміі. Агулам гэтыя надбаўкі склалі больш за 1400 рублёў. Пры гэтым само прадпрыемства мела пратэрмінаваную запазычанасць па выплаце плацяжоў у бюджэт.
На дырэктара ПМК-73 пачалі крымінальную справу.