У суд накіравалі чарговую "справу медыкаў", па ёй праходзіць 21 чалавек
У суд накіравалі чарговую "справу медыкаў", па ёй праходзіць рэкордная колькасць абвінавачаных — 21 чалавек. 8 з іх — з сістэмы аховы здароўя. Пра гэта 25 чэрвеня на прэс-канферэнцыі паведаміў намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук. Ён назваў гендырэктара "Белфармацыі" Вячаслава Гніція, дырэктара Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандра Сталярова.
Паводле слоў намесніка генпракурора, справа знаходзіцца ў Мінскім гарадскім судзе. Большасць фігурантаў (а сярод іх — прадстаўнікі бізнесу) абвінавачваецца ў дачы хабару і ўхіленні ад выплаты падаткаў.
Сёлета ўжо прайшло некалькі гучных працэсаў па "справе медыкаў". Сярод асуджаных на розныя тэрміны зняволення — экс-намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, былы кіраўнік аховы здароўя ў Гродзенскай вобласці Андрэй Стрыжак, экс-кіраўнік РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Белецкі.