У судзе агучаныя абвінавачанні былым супрацоўнікам "Экамедсэрвіса"

Нагадаем, што вясной 2013 года пасля пластычнай аперацыі па карэкцыі формы носа ў сталічным камерцыйным медцэнтры "Экамедсэрвіс" памерла 25-гадовая гродзенка Юлія Кубарава.

Пракурор агучыў канчатковыя абвінавачанні, якія выстаўленыя траім былым супрацоўнікам "Экамедсэрвіса". Былы лекар анэстэзіёлаг-рэаніматолаг (цяпер ён працуе лекарам на станцыі хуткай меддапамогі) абвінавачваецца ў неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента. Былыя генеральны дырэктар і галоўны інжынер медцэнтра абвінаваючаюцца ў службовай халатнасці, якая пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека.



Па словах дзяржабвінаваўцы, падчас аперацыі ў медцэнтры "анэстэзія Юліі Кубаравай праводзілася на няспраўным абсталяванні" — адбылася разгерметызацыя дыхальнага апарату. Падчас аперацыі ён працаваў са збоямі і былі цяжкасці з паступленнем паветра да пацыенткі. У выніку збояў медабсталявання у Кубаравай "адбылася цяжкая гіпаксія мозгу, што прывяло да незваротных наступстваў".



Акрамя таго, па словах пракурора, у пацыенткі здарылася сардэчная недастатковасць. Яе перавялі на ручную вентыляцыю лёгкіх, ёй праводзілі масаж сэрца. У медцэнтры Юліі Кубаравай паставілі дыягназ "кома неяснага генэзу", з якім яе прывезлі ў 4-ю клінічную бальніцу Мінска. Там дыягназ удакладнілі — "вострая гіпаксія мозгу, кома, сардэчная недастатковасць, вострая хвароба нырак, пнеўманія", — цытуе словы пракурора "Интерфакс-Запад".

Нягледзячы на тое, што пацыентку ў 4-й клініцы лячылі правільна, стан яе пагаршаўся і яна памерла, сказаў у судзе дзяржабвінаваўца. Ён адзначыў, што паводле заключэння экспертаў, прычынай смерці стала "амярцвенне галаўнога мозгу як наступства цяжкага кіслароднага галадання".



"Смерць Юліі Кубаравай была выклікана недахопамі рэанімацыйных мерапрыемстваў", — канстатаваў пракурор.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі