У судзе па “справе Коржыча” апытвалі ключавую сведку. Без журналістаў
6 верасня ў судзе па “справе Коржыча” апытвалі ключавую сведку. Пасяджэнне было абвешчанае часткова закрытым, бо мусяць быць агучаныя падрабязнасці з асабістага жыцця. Журналістаў папрасілі выйсці з судовай залы.
На пытанні суддзі, пракурораў і адвакатаў будзе адказваць Рыма Гарбачэўская. Менавіта яна праз некалькі дзён пасля таго, як Сашу Коржыча знайшлі ў пятлі, паведаміла сябрам хлопца пра майку на яго галаве і звязаныя ногі, распавяла падрабязнасці пра дзедаўшчыну ў часці №43064, дзе служыў 21-гадовы пінчук.
Святлана Коржыч, маці загінулага вайскоўца, вырашыла не хаваць тое, пра што даведалася, і шчыра распавяла ўсё журналістам. Выбухнуў скандал, які пацягнуў за сабой праверкі ў беларускім войску, звальненні афіцэраў і шматлікія судовыя працэсы ў дачыненні да вайскоўцаў, заўважаных у дзедаўшчыне.
Пра Рыму Гарбачэўскую вядома няшмат. У час, калі адбылася трагедыя ў Печах, яна жыла ў Барысаве ці ў Жодзіна. Зараз яна жыве недзе ў Гомельскай вобласці.
Са слоў Святланы Коржыч, з Гарбачэўскай яна сустракалася падчас следчых эксперыментаў. Дзяўчына была знаёмая з Артурам Вірбалам — прапаршчыкам роты, дзе служыў Коржыч, а таксама з абвінавачаным у давядзенні Коржыча да самагубства, сяржантам Антонам Вяжэвічам.
Раней у судзе адзін з пацярпелых распавядаў, што ў Вяжэвіча была дзяўчына, і яе звалі Рыма. На спатканні яна прыязджала з маленькім дзіцём.
Напачатку кастрычніка 2017 года Рыма Гарбачэўская выйшла на сувязь з сябрамі Сашы Коржыча з фэйкавай старонкі “ВКонтакте”. Вось з гэтай:
Таму ў яе сведчаннях ад пачатку былі сумневы. Але падчас суда па “справе Коржыча” яны часткова пацвердзіліся. У прыватнасці, апынулася праўдай і тое, што ногі загінулага радавога былі звязаныя шнурком ад абутку, і тое, што яго на галава была абматаная майкай.
Таксама Рыма Гарбачэўская распавядала сябрам Сашы Коржыча, што забойства вайскоўца было раскрытае па гарачых слядах, а тыя, хто зрабіў гэта, сазналіся ва ўсім следчым. Па яе словах, Коржыца забіў вайсковец, які ляжаў з ім у адной палаце ў медроце. Пра гэта ён нібыта напісаў у дзённіку, які вёў на англійскай мове:
Факт існавання дзённіка пацвярджаецца паказаннямі сведкаў, але, па словах Святланы Коржыч, сам дзённік знік з матэрыаляў справы.
Пра дзённік на замежнай мове распавядаў у судзе 5 верасня капітан Аляксандр Міцура. Сшытак належыў сяржанту Андрэю Зайцу, які знайшоў цела Аляксандра Коржыча ў падвале медыцынскай роты.