У свеце неспакойна: Барбадас без кароны і вяртанне прэм'ера

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Шведская прэм'ер-міністр зноў у справе і на чале парламента, а Барбадас выходзіць з-пад улады брытанскай кароны.
 

Першая жанчына-прэм'ер зноў прэм'ер

Магдалена Андэрсан, якая трыумфальна пакінула пасаду прэм'ера Швецыі праз некалькі гадзін пасля прызначэння, заняла яе зноў.

На мінулым тыдні кааліцыя Андэрсан распалася. І яна сказала, што лепш не будзе прэм'ерам, чым сутыкнецца з сумневамі ў сваёй легітымнасці. А ў панядзелак дэпутаты з невялікай перавагай падтрымалі яе і зноў прызначылі прэм'ерам.

Але ВВС піша, што палітычная мыльная опера яшчэ не скончылася. А наадварот — агаліла супярэчнасці ў шведскім парламенце. Цяпер Андэрсан павінна будзе сфармаваць новы ўрад, які пратрымаецца да выбараў наступнага года. Ёй давядзецца мець справу з бюджэтам, які склалі ў тым ліку яе палітычныя сапернікі.

Калі ў вас дзіўныя густы і вам падабаліся пасяджэнні брытанскага парламента, прыгледзьцеся да шведскага. Там цэлых восем партый, і ім ёсць пра што паспрачацца.

 

Мінус адно каралеўства

На гэтым тыдні ў каралевы Лізаветы стане менш земляў. Барбадас з насельніцтвам 300 тысяч чалавек вырашыў, што ён цяпер не падпарадкоўваецца кароне. І мае намер абвясціць сябе рэспублікай.

Барбадас — былая брытанская калонія. У 1966 годзе ён атрымаў незалежнасць, а цвёрды намер стаць рэспублікай абвясціў у верасні мінулага года. Генерал-губернатар краіны Сандра Мэйсан заявіла: "Надышоў час цалкам пакінуць ззаду наша каланіяльнае мінулае".

Мэйсан 73 гады, яна юрыстка і на гэтым тыдні стане першым прэзідэнтам Барбадаса. На ўрачыстасцях будзе прысутнічаць спадчыннік брытанскага трона прынц Чарлз.

В мире неспокойно: Барбадос без короны и возвращение премьера
Барбадас / pixabay

Межы зноў закрываюцца

Прэзідэнт ПАР асудзіў забароны на паездкі, уведзеныя ў дачыненні да яго краіны і яе суседзяў праз новы варыянт каранавіруса. Сірыл Рамафоса сказаў, што ён "глыбока расчараваны" дзеяннямі некаторых краін — сярод іх ЗША і ЕС. Забароны ён лічыць неапраўданымі і заклікае тэрмінова іх зняць.

Што мы ведаем пра "омікрон"? Што ім могуць заражацца нават людзі, якія перахварэлі на іншыя штамы. Гэты варыянт COVID-19, які мутаваў, выявілі ў Паўднёвай Афрыцы ў пачатку месяца. У мінулую сераду пра яго паведаміла СААЗ.

СААЗ раіць краінам не ўводзіць паспешныя абмежаванні на паездкі і рэкамендуе выкарыстоўваць "навуковы падыход, заснаваны на ацэнцы рызыкі". Але многія вырашылі перастрахавацца.

У ПАР лічаць: раз омікрон цяпер знойдзены ў некалькіх рэгіёнах свету, увядзенне забаронаў на паездкі ў Афрыку і з яе неразумнае. Прынамсі, гэта відавочна не дэманструе салідарнасці.

"Адзінае, што будзе рабіць забарона на паездкі, — яшчэ больш шкодзіць эканоміцы пацярпелых краін і падрываць іх здольнасць рэагаваць на пандэмію і аднаўляцца пасля яе", — кажа прэзідэнт ПАР.

"Пляваць на салідарнасць, мы толькі-толькі ўсіх прышчапілі!" — думаюць астатнія.

Дарэчы, галоўны інфекцыяніст ЗША Энтані Фаўчы паведаміў Джо Байдэну, што наяўныя вакцыны, магчыма, абароняць ад цяжкай формы COVID пры "омікрон"-штаме.

Дзесьці пад Курскам

"Аказваў супраціў пры затрыманні" — ведаеце, што хаваецца за гэтай сухой фармулёўкай, калі гаворка ідзе пра Расію? Раскажам.

Мужчына ў стане алкагольнага ап'янення прыехаў у гандлёвы цэнтр. Вось дзіва, так? Дапоўнім гісторыю: ён быў на кані і з шашкай. Пазней у аддзяленні паліцыі ён змог растлумачыць свае паводзіны:

"Конь захацеў хлеба, таму вырашыў даць ёй права выбару тавару з усяго асартыменту".

А тут паліцэйскія са сваімі законнымі патрабаваннямі. Наезнік не вытрымаў і "пачаў паводзіць сябе агрэсіўна". Гэта значыць, шашку нагала.

Як гэта было

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі