У свеце неспакойна: Штаты хочуць Асанжа, Ганконг — свабоды
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Бразільскія сенатары абвінавачваюць прэзідэнта ў кавід-дысідэнцтве, ЗША ніяк не адстануць ад Асанжа, а ў Ганконга застаецца ўсё менш свабод.
Вызваліце Асанжа
Джуліян Асанж зноў у судзе. Лонданскі суд забараніў экстрадаваць яго ў ЗША, але Вашынгтон не адступае і падае апеляцыю на гэтае рашэнне.
Перад будынкам, дзе будзе разглядацца апеляцыя, праходзіць акцыя пратэсту. Каля ста чалавек з плакатамі спяваюць песні, людзі заклікаюць вызваліць заснавальніка "Вікілікс" і перастаць ужо нарэшце яго пераследаваць.
І да гэтага заклікаюць не толькі пратэстоўцы ў Лондане, але і генеральны сакратар Amnesty International Аньес Каламар.
"За амаль дваццаць гадоў практычна ніхто, хто быў бы адказны за меркаваныя ваенныя злачынствы, здзейсненыя ЗША ў часе войнаў у Афганістане і Іраку, не быў прыцягнуты да адказнасці, не кажучы ўжо пра судовы пераслед, а Асанжу, як выдаўцу медыя, якое выкрыла такія злачынствы, патэнцыйна пагражае пажыццёвае зняволенне ў турме", — кажа Каламар.
Не глядзець
Скардзіцеся на несвабоду? У вас хоць бы ёсць падпіска на Netflix.
А ў Ганконгу прынялі закон, які забараняе фільмы, што могуць нанесці шкоду інтарэсам нацыянальнай бяспекі Кітая.
Пакаранне за парушэнне закона ўключае да трох гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 130 тысяч долараў.
Бразільскія сенатары могуць абвінаваціць прэзідэнта
У чым? У кавід-дысідэнцтве. Сенатары выказаліся за тое, каб рэкамендаваць прад'явіць абвінавачанне прэзідэнту Жаіру Балсанару. Прычына — яго дзеянні ў пандэмію.
У Бразіліі ахвярамі каранавіруса сталі 600 тысяч чалавек. Па колькасці загінулых краіна саступае толькі ЗША. Балсанару раней сцвярджаў, што ён ні ў чым не вінаваты. Яго план прадугледжваў выпрацоўку калектыўнага імунітэту, але тым часам каранавірус працягваў забіваць жыхароў краіны.
Дыстанцыйка — гэта па-каралеўску
Каралева Лізавета працуе на дыстанцыйцы. Гэта не перашкаджае прымаць даверчыя граматы ў замежных амбасадараў. Амбасадар кладзе грамату на спецыяльны столік, а відарыс каралевы транслюецца на маніторы.
Можа здацца, што Лізавета змяншае тэмп: далёкія паездкі па краіне яна перадала сваім больш маладым сваякам. А нядаўна з'явілася на публіцы з палачкай.
Але не рабіце такой высновы. Каралева ўсё яшчэ шмат падарожнічае па краіне. А днямі адмовілася ад звання "Олдзі года" — нешта накшталт "Старэнькай года", якое ўручае брытанскі часопіс. Каралева растлумачыла: вам столькі гадоў, на колькі вы сябе адчуваеце, і папрасіла пашукаць больш годнага кандыдата.
А пра сябе падумала: знайдзіце сабе іншую "старэнькую"!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.